Міграцыйны дэпартамэнт Літвы ануляваў дазвол на жыхарства беларусу, які абразіў у Youtube літоўцаў

Беларус і блогерка Юлія. Скрын з Youtube

Згодна зь літоўскім заканадаўствам беларус можа абскардзіць скасаваньне дазволу на жыхарства цягам 14 дзён.

Міграцыйны дэпартамэнт Літвы ануляваў дазвол на жыхарства грамадзяніну Беларусі, які працаваў у Літве і абразіў літоўцаў сваімі выказваньнямі, зробленымі ў інтэрвію праз Youtube дзяўчыне з Казахстану.

Як паведаміла выданьне tv3.lt, дазвол на жыхарства анулявалі не за выказваньні, а за парушэньне беларусам, якога завуць Максім, працоўнага заканадаўства Літвы — ён працуе не ў таго наймальніка, якога задэкляраваў.

Паводле выданьня, дырэктарка міграцыйнага дэпартамэнту Літвы Эвеліна Гудзінскайце паведаміла, што кансультацыі аб прызнаньні гэтага грамадзяніна Беларусі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы» яшчэ працягваюцца з Дэпартамэнтам дзяржаўнай бясьпекі.

Згодна зь літоўскім заканадаўствам беларус можа абскардзіць скасаваньне дазволу на жыхарства цягам 14 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве пачалі расьсьледаваньне ў справе беларуса, які абразіў у Youtube літоўцаў

На пачатку сакавіка літоўскае выданьне delfi.lt зьвярнула ўвагу на выказваньні беларуса, зробленыя ў інтэрвію празь Youtube дзяўчыне з Казахстану, якая выйшла замуж за літоўца і жыве ў Літве.

У прыватнасьці, Максім заявіў, што прынцыпова не вывучае літоўскую мову, яму не падабаецца ні Літва, ні яе ўлада, ні законы, ні цэны.

«Навошта мне літоўская? Я літоўскую мову наогул не паважаю. У мяне ёсьць дазвол на жыхарства, але мова мне не патрэбная», — сказаў малады чалавек, які пражывае ў Літве з 2019 году.

Малады чалавек акцэнтаваў, што вітаецца з усімі па-расейску, ён лічыць, што людзі мусяць зразумець, што ён не мясцовы. Ён таксама заяўляў, што не паважае літоўцаў.

Пасьля рэзанансу відэазапіс з каналу Mylimiausia Lietuva на Youtube зьнік. Выявілася, што прыбраць яго папрасіў сам герой гісторыі, калі яму паведамілі, што Міграцыйны дэпартамэнт пачаў расьсьледаваньне ягонай справы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Літва дакладна трымае лінію падзелу паміж дэмакратычнымі беларусамі і саўдзельнікамі рэжыму», — Віціс Юрконіс