Александру Мусьцяцэ на прэс-канфэрэнцыі ў Кішынёве заявіў, што выведка мае «пэўныя зьвесткі» аб заплянаваных на гэты і наступны год дзеяньнях, якія могуць паставіць пад пагрозу ўступленьне Малдовы ў ЭЗ і вярнуць яе ў сфэру ўплыву Расеі.
«Дэталі сьведчаць пра стратэгіі на 2024 і 2025 гады, якія ўключаюць падтрымку прарасейскіх палітычных дзеячоў, зьвязаных з спэцслужбамі, арганізаванымі злачыннымі групамі і кіраўніцтвам Крамля», — сказаў Мусьцяцэ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Малдовы абвінаваціла Расею ва ўмяшаньні ў мясцовыя выбарыНайважнейшым гульцом у правядзеньні дэстабілізацыі, на ягоную думку, будзе групоўка на чале з алігархам Іланам Шорам. Ён узначальвае партыю «Шор», якую падтрымлівае Масква.
Летась Шора завочна асудзілі да 15 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў махлярстве і адмываньні грошай у сувязі са зьнікненьнем мільярда даляраў з малдаўскіх банкаў. Партыя Шора была прызнана незаконнай, Шор зьехаў у Ізраіль.
Бізнэсовец і яго партыя трапілі пад санкцыі ЭЗ, ЗША і Канады за спробы дэстабілізаваць сытуацыю ў Малдове і дзеяньні ў інтарэсах Расеі.
«Мы прагназуем, што будуць спробы справакаваць шэраг сацыяльных і палітычных крызісаў, распаліць сутыкненьні і міжнацыянальную варожасьць, што прывядзе да крызісаў бясьпекі ў Гагаускай аўтаноміі або Прыднястроўскім рэгіёне», — сказаў Мусьцяцэ.
Пры празаходняй прэзыдэнтцы Маі Санду, якая прыйшла да ўлады пасьля перамогі над прамаскоўскім Ігарам Дадонам у лістападзе 2020 году, Малдова заняла цьвёрдую пазыцыю што да эўрапейскага выбару, рашуча асудзіла ўварваньне Расеі ва Ўкраіну.
Кішынёў, як і Кіеў, атрымаў запрашэньне адкрыць перамовы аб сяброўстве ў ЭЗ, а сёлета павінен правесьці агульнанацыянальны рэфэрэндум аб далучэньні да Эўразьвязу.
На канец гэтага году ў Малдове прызначаныя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары, Санду плянуе балятавацца на другі тэрмін. Яе партыя PAS набрала больш за 40 працэнтаў галасоў на мясцовых выбарах і паперадзе іншых на парлямэнцкіх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Малдове ліквідаваў прарасейскую партыю «Шор», бо яе дзейнасьць пярэчыла Канстытуцыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вывад расейскіх войскаў і мірнае разьвязаньне сытуацыі. Як у сьвеце адрэагавалі на зварот Прыднястроўя да Расеі