Індэкс Свабоды ў сьвеце ад Freedom House: Беларусь — сярод самых несвабодных

Амэрыканскі дасьледчы цэнтар Freedom House публікуе параўнальныя ацэнкі ступені свабоды ў розных краінах сьвету пачынаючы з 1973 году.

У апошнія 10 гадоў ацэнкі даюцца 195 дзяржавам і паўтара дзясяткам тэрыторыяў кшталту Абхазіі, Нагорнага Карабаху і іншых.

Прапануем вашай увазе графік, на якім адлюстраваная дынаміка індэксаў адносна краінаў — былых рэспублік СССР. Сытуацыя ў справаздачах за адпаведныя гады ацэньваецца ў папярэднім годзе. Чым вышэйшае месца ў графіку, тым горш становішча ў краіне са свабодай:

З графіку бачна, што ацэнкі Беларусі істотна палепшыліся па выніках 2015 году (году вызваленьня палітвязьняў і пачатку нармалізацыі адносінаў з Захадам). Да 2020 году ацэнкі заставаліся стабільнымі, а ў справаздачы 2021 году быў зафіксаваны чарговы абвал, які адлюстраваў паглыбленьне і пашырэньне палітычных рэпрэсіяў. У 2021–2024 гадах значэньне індэксу для Беларусі вярнулася на ўзровень 2015 году.

Сярод іншых тэндэнцыяў — істотнае паляпшэньне становішча ва Ўзбэкістане. Пры прэзыдэнту Карымаву Узбэкістан быў адным з сусьветных аўтсайдэраў, за апошнія 10 гадоў краіна паднялася ў індэксе на 20 месцаў.

Freedom House сьцьвярджае, што сытуацыя са свабодай істотна пагоршылася ва Ўкраіне на працягу двух апошніх гадоў, пасьля таго як у рэгіёне пачалася вайна.

Паводле Індэксу, сытуацыя за 10 гадоў істотна палепшылася ў Эстоніі і Літве, хоць яны і 10 гадоў таму былі сярод сусьветных лідэраў.

У цэлым разьмеркаваньне былых рэспублік СССР у Індэксе захоўваецца, па сутнасьці, нязьменным.

  • Тры краіны Балтыі — Літва, Латвія і Эстонія — Freedom House характарызуе як свабодныя.
  • Другая група — прамежкавая. У яе ўваходзяць Грузія, Малдова, Украіна, Армэнія і Кіргізстан, якія ацэньваюцца як часткова свабодныя.
  • І нарэшце — несвабодныя: Беларусь, Расея, Азэрбайджан, Казахстан, Таджыкістан, Узбэкістан і Туркмэністан.


Паводле Індэксу Свабоды ў сьвеце за 2024 год, горшае, чым у Беларусі, становішча са свабодай — у Азэрбайджане, Таджыкістане і Туркмэністане. У агульным сьпісе ніжэй за Беларусь — яшчэ 20 дзяржаў і тэрыторый. А вышэй — 189. Такім чынам, Беларусь — адна з самых несвабодных краін у сучасным сьвеце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «Індэксе чалавечай свабоды 2023» Беларусь апусьцілася на сем пазыцый і заняла 133-е месца