Пяцёра зь дзевяці былых кіраўнікоў Адміністрацыі прэзыдэнта пасьля адстаўкі так ці інакш зьвязвалі сваю працу з Масквой.
Ігар Сергеенка неўзабаве можа пакінуць пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. Ён вылучыўся ў якасьці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Пастаўскай акрузе № 29 і трапіў у новы склад гэтага органу.
Выхадзец з КДБ Сергеенка ўзначальваў Адміністрацыю з 2019 году. Ён прыйшоў у той час, калі ў краіне адбываліся антыінтэграцыйныя пратэсты. Потым адбыліся пратэсты 2020 году, самыя масавыя ў гісторыі незалежнай Беларусі.
Пры Сергеенку скарэктавалі падручнікі па гісторыі Беларусі. Сам кіраўнік Адміністрацыі казаў, што ня лічыць Касьцюшку і Каліноўскага беларускімі героямі. Таксама пры падтрымцы Адміністрацыі адбывалася адмаўленьне ад беларускай лацінкі на вулічных паказальніках.
Са «зьліваў», якія публікаваліся пасьля выбараў, стала вядома, што на адну з нарадаў да Лукашэнкі Сергеенка прыйшоў хворым, але пабаяўся надзець маску.
Свабода паглядзела, як склаўся лёс іншых кіраўнікоў Адміністрацыі прэзыдэнта, органа, які адказны за кадравую палітыку ў краіне. Пяцёра зь дзевяці былых кіраўнікоў Адміністрацыі пасьля адстаўкі зьяжджалі ў Маскву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без апазыцыі, але з імітацыяй канкурэнтнасьці. Што паказалі вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутатыЛеанід Сініцын: Спрабаваў стаць кандыдатам у прэзыдэнты
(1994–1995)
Першым Адміністрацыю прэзыдэнта ў 2001 годзе ўзначаліў ураджэнец Полацку Леанід Сініцын. На той момант яму было 39 гадоў.
Сініцын лічыў сябе расейцам па нацыянальнасьці. Адукацыю атрымаў у Наваполацкім політэхнічным інстытуце. Потым працаваў у Магілёве. У 1990-м абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня. У 1994-м узначальваў перадвыбарны штаб Лукашэнкі.
Сяргей Навумчык пісаў, што Леанід Сініцын зрабіў найбольшы ўклад у перамогу Лукашэнкі на першых выбарах.
«Быў арганізатарам рэфэрэндуму аб зьмене сымболікі і ўжо праз шмат гадоў пасьля свайго сыходу з палітыкі пацьвердзіў адданасьць ідэі аб’яднаньня Беларусі з Расеяй», — адзначаў Навумчык.
Пасьля сыходу з Адміністрацыі прэзыдэнта Сініцын пабыў віцэ-прэм’ерам, адказным за сфэру будаўніцтва. У 2001 годзе спрабаваў вылучыцца ў якасьці кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах, але яго не зарэгістравалі, бо не набралася 100 тысяч подпісаў выбарнікаў. Апазыцыйных кандыдатаў ён потым не падтрымаў.
У 2007 годзе Леанід Сініцын разам з былым дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і алімпійскім чэмпіёнам у веславаньні Ўладзімерам Парфяновічам абнародаваў «Менскі маніфэст беларуска-расейскага яднаньня», у якім выступаў за ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі.
Нейкі час Сініцын жыў у Расеі, дзе займаўся бізнэсам. У 2021 годзе даў інтэрвію «Народнай волі». Сказаў, што на выбарах 2020 году галасаваў за Ціханоўскую, але ў пратэстах ня ўдзельнічаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падман і фальсыфікацыі. 30 гадоў таму Лукашэнка стартаваў у вялікую палітыку «антыкарупцыйным дакладам»Міхаіл Мясьніковіч: 40 гадоў на найвышэйшых пасадах
(1995–2001)
У 1994 годзе Мясьніковіч, як і Сініцын, узначальваў перадвыбарны штаб кандыдата ў прэзыдэнты. Толькі не Лукашэнкі, а Вячаслава Кебіча. У хуткім часе пасьля выбараў Мясьніковіч перайшоў ужо ў каманду Лукашэнкі.
Мясьніковіч — даўні работнік вэртыкалі. На вышэйшых пасадах ён ужо амаль 40 гадоў. Яшчэ ў савецкія часы ён быў міністрам жыльлёва-камунальнай гаспадаркі БССР.
Пасьля Адміністрацыі прэзыдэнта Мясьніковіч нядоўгі час папрацаваў памочнікам Лукашэнкі ў асабістых даручэньнях. Ад 2001 да 2010 году ўзначальваў Акадэмію навук.
Адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году Міхаіла Мясьніковіча прызначылі новым прэм’ер-міністрам. На гэтай пасадзе адпрацаваў чатыры гады. Доўгі час быў сьпікерам Савету Рэспублікі (2015–2019).
Апошнім па часе месцам працы Мясьніковіча было старшынства ў Эўразійскай эканамічнай камісіі, але 1 лютага ён адтуль пайшоў. У 2024 годзе Міхаілу Мясьніковічу споўніцца 74 гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міхаіл Мясьніковіч пакіне пасаду старшыні Калегіі Эўразійскай эканамічнай камісііУрал Латыпаў: Пасьля Адміністрацыі пакінуў дзяржаўную службу
(2001–2004)
Ураджэнец Башкартастану, па нацыянальнасьці татарын. У Менск трапіў падчас вучобы на вышэйшых курсах КДБ СССР, так і застаўся ў Беларусі. Працаваў на розных пасадах у беларускім КДБ.
У 1994 годзе Лукашэнка прызначыў яго сваім памочнікам. Ад 1998 да 2000 году быў міністрам замежных справаў у рангу віцэ-прэм’ера. Нядоўгі час пабыў дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі.
«Латыпаў — адзін з галоўных арганізатараў антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму ў 1996 годзе», — казаў пра чыноўніка палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, называючы яго імя сярод людзей, якія найбольш спрычыніліся да ўсталяваньня рэжыму асабістай улады ў Беларусі.
Пасьля Адміністрацыі прэзыдэнта Латыпаў на дзяржаўную службу не вяртаўся. Тры гады ён працаваў старшынём кансультацыйнай рады «Лукойл-Беларусь». А потым узначаліў ТАА «Дырэкт Мэнэджмэнт» (уваходзіла ў холдынг «Рубін», адзін з найбуйнейшых дэвэлапэраў Масквы). За час працы ў бізнэсе Латыпаў накупляў у Маскве маёмасьці на мільён даляраў.
У Беларусі апошнім месцам працы Латыпава была назіральная рада «Альфа-Банку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Антановіча да ЯнчэўскагаВіктар Шэйман: Інтарэсы ў Афрыцы
(2004–2006)
Шэймана прызначалі ў Адміністрацыю ўжо пасьля шэрагу скандалаў, зьвязаных з «эскадронамі сьмерці» і расстрэльным пісталетам. Менавіта Шэйман зьмяніў на пасадзе генпракурора Алега Бажэлку, які спрабаваў расьсьледаваць справу зьніклых апазыцыйных палітыкаў і журналістаў.
Шэймана называюць адным з найбольш набліжаных паплечнікаў Лукашэнкі. У 2005 годзе ён узначаліў ініцыятыўную групу па вылучэньні Лукашэнкі на прэзыдэнцкія выбары, а потым і ягоны перадвыбарны штаб. Пасьля выбараў у Адміністрацыю Шэйман не вярнуўся, а заняў пасаду дзяржсакратара Савету бясьпекі.
У 2009 годзе стаў памочнікам Лукашэнкі ў асаблівых даручэньнях, а менавіта ў супрацы з Вэнэсуэлай і краінамі Афрыкі. З 2013-га да 2021 году быў кіраўніком спраў Лукашэнкі.
Хоць на сёньняшні дзень Шэйман ня мае афіцыйных пасадаў, ён працягвае зьяўляцца побач з Лукашэнкам, калі той робіць візыты ў афрыканскія краіны. Быў ён з Лукашэнкам і ў Абхазіі ў 2022 годзе.
Шэйман актыўна працуе ў Афрыцы разам зь бізнэсоўцам беларускага паходжаньня Аляксандрам Зінгманам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыляцеў у Афрыку. Яго сустракалі экзатычныя танцы і ШэйманГенадзь Нявыглас: Футбол і забыцьцё
(2006–2008)
Аднагодак Лукашэнкі Генадзь Нявыглас узначаліў Адміністрацыю прэзыдэнта незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году і сышоў пасьля тэракту на Дзень Рэспублікі ў 2008 годзе.
Нявыглас — ураджэнец Пінскага раёну. Вучыўся ў Маскоўскім вышэйшым памежным камандным вучылішчы КДБ. Справа ў тым, што за савецкім часам памежнікі падпарадкоўваліся КДБ. Ад 1975 да 2000 году служыў на розных пасадах у памежных войсках.
У 2000 годзе ўзначаліў Службу бясьпекі Лукашэнкі. Ад 2003 да 2011 году кіраваў Беларускай фэдэрацыяй футболу, менавіта ён прызначыў трэнэрам немца Бэрнда Штанге. Але вялікіх посьпехаў зборная пры ім не дасягнула.
Пасьля Адміністрацыі прэзыдэнта кар’ера Нявыгласа на вышэйшым узроўні фактычна скончылася. Яшчэ нейкі час ён папрацаваў у структурах АДКБ у Маскве. У адным з апошніх інтэрвію Tribuna казаў, што жыве фактычна паміж двума гарадамі — Менскам і Масквой. Бо і там, і там жывуць унукі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Качанава настойвала на 80 працэнтах, а Шэйман прапаноўваў 60 і прызнаць паразу Лукашэнкі ў Менску», — былы супрацоўнік АдміністрацыіУладзімер Макей: Міністар замежных спраў
(2008–2012)
Нарадзіўся ў вёсцы Некрашэвічы Карэліцкага раёну. У савецкі час служыў у выведцы, даслужыўся да палкоўніка. Ад 1993-га — на службе ў МЗС. Папрацаваў у прадстаўніцтве Беларусі ў Радзе Эўропы, быў памочнікам Лукашэнкі, міністрам замежных спраў.
Зь імем Макея зьвязваюць палітычную лібэралізацыю ў Беларусі. Макей лабіяваў увядзеньне бязьвізавага наведваньня Беларусі грамадзянамі Эўразьвязу, ЗША і іншых краін.
Але ў 2020 годзе Макей падтрымаў Лукашэнку падчас пратэстаў супраць фальсыфікацый выбараў, гаварыў пра законнасьць яго ўлады. На пачатку 2022-га абяцаў, што расейскія войскі пакінуць Беларусь пасьля вучэньняў, а ня будуць пагражаць Украіне.
Уладзімер Макей раптоўна памёр 26 лістапада 2022 году. Пахаваны на Ўсходніх могілках Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейцы яму не давяралі». Лінкявічус, Шрайбман і былы калега пра Ўладзімера Макея да ўгодак ягонай сьмерціАндрэй Кабякоў: Зьехаў зарабляць грошы ў Расею
(2012–2014)
Андрэй Кабякоў — ураджэнец Масквы. Адукацыя ў яго незвычайная для беларускага чыноўніка: Маскоўскі авіяцыйны інстытут. Працаваў інструктарам на заводах у Менску і Рагачове. Ад 1995 году будаваў кар’еру ў структуры Камітэту дзяржаўнага кантролю.
Кабякоў прайшоў празь вялікую колькасьць значных пасад — прэм’ер-міністар, віцэ-прэм’ер, міністар эканомікі, пасол Беларусі ў Расеі.
Дзяржаўную службу пакінуў у 2018 годзе, калі быў адстаўлены з пасады прэм’ера. У 2020 годзе перайшоў на працу генэральным дырэктарам расейскай кампаніі «Сибуглемет», якая займаецца здабычай вугалю.
У сакавіку 2022 году Андрэй Кабякоў стаў гендырэктарам «Новай горнай кіроўнай кампаніі», якая ўтварылася на базе «Сибуглемета». Асноўнай прычынай утварэньня новай юрыдычнай адзінкі называлася пазьбяганьне санкцый заходніх краін. Кабякоў жа цяпер ня проста мэнэджар, але і адзін з уласьнікаў «Новай горнай кіроўнай кампаніі». З адкрытых крыніц вядома, што яму там належыць 17% акцый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аграном, банкір і Галоўчанка. Хто ў Беларусі станавіўся прэм’ерам і што зь імі стала пасьля адстаўкіАляксандар Косінец: Распрацоўваў беларускую вакцыну ад ковіду
(2014–2016)
Косінец зрабіў сябе як лекар-хірург. Потым узначаліў Віцебскі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт. Быў віцэ-прэм’ерам, кіраваў Віцебскім аблвыканкамам.
Пасьля адстаўкі з Адміністрацыі Косінец нейкі час быў бяз працы, а пасьля яго прызначылі памочнікам Лукашэнкі.
Апошнім часам ня так часта зьяўляецца ў публічнай прасторы. Адзінае выключэньне — сытуацыя з каранавірусам. Менавіта яму Лукашэнка даваў даручэньне распрацаваць беларускую вакцыну ад ковіду. У жніўні 2021 году Косінец казаў Лукашэнку, што беларускі аналяг вакцыны Sputnik не атрымаўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольненаму Косінцу знайшлі месца: цяпер ён памочнік ЛукашэнкіНатальля Качанава: Па-ранейшаму на відных ролях
(2016–2019)
Як і першы кіраўнік Адміністрацыі Леанід Сініцын, Натальля Качанава таксама родам з Полацку і мае расейскія карані. Яна доўгі час узначальвала Наваполацкі гарвыканкам, пакуль яе не забралі ў Менск на пасаду віцэ-прэм’ера па сацыяльнай палітыцы. Лукашэнка казаў, што кандыдатуру Качанавай прапаноўвалі сілавікі.
Калі Качанава ўзначальвала Адміністрацыю, то запомнілася тым, што спрабавала згладжваць канфліктныя сытуацыі ўнутры краіны. Часта нават ёй даводзілася прасіць прабачэньня ад імя ўладаў, як гэта было пасьля затрыманьня ромаў у Магілёве.
На сёньня Качанава — сьпікер Савету Рэспублікі. Яна па-ранейшаму прысутнічае на ўсіх значных нарадах у Лукашэнкі. Натальлі Качанавай шмат у дзяржаўных СМІ, дзе яна працягвае хваліць палітыку Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валейбалістка з Наваполацку. Гісторыя кар’еры Натальлі Качанавай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такая Натальля Качанава, якая мае кіраваць Беларусьсю, калі Лукашэнка пакіне пасаду. ВІДЭА