Зьнікненьне
У пачатку ліпеня 2023 году ў спэцыялізаваным чаце, прысьвечаным перавозкам тавараў з Украіны ў Беларусь, зьявілася чарговая абвестка жыхаркі Чарнігава Натальлі Захарчанкі:
«Еду ў Мазыр (РБ) праз Польшчу транзытам. Вазьму пасажыраў, рэчы, перадачы, катоў, сабак, дакумэнты».
Ахвотнікам жанчына прапаноўвала пісаць у асабістыя паведамленьні.
Натальля была сталай наведніцай чату. Тут яе ведалі і давяралі ёй. Захарчанка неаднаразова пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны езьдзіла ў Беларусь з Украіны праз Польшчу і назад. Першая абвестка пра перавоз пасажыраў і рэчаў ад яе імя зьявілася ў чаце ў чэрвені 2022 году. Пэрыядычнасьць паездак была прыкладна раз на месяц. Людзі ахвотна карысталіся яе паслугамі, бо пасьля 24.02.2022 мяжа зь Беларусьсю была закрытая, а сваяцкія сувязі паміж беларусамі і ўкраінцамі, неабходнасьць перадаць рэчы, дакумэнты ці грошы засталася.
У пачатку ліпеня 2023 году, набраўшы перадач, Натальля чарговы раз рушыла ў Беларусь. І зьнікла. Карыстальнікі чату пачалі біць трывогу — іхныя перадачы не дайшлі да адрасатаў у Беларусі. «Дзе Натальля?» — многія пісалі такія пытаньні, але без адказу.
Пасьля адзін з адміністратараў чату паведаміў:
«Спыняйце пошукі Натальлі. Нічога добрага зь ёй не адбылося. Пра рэчы забудзьце. Не яе віна».
Карыстальнікі пачалі дзяліцца пазытыўнымі ўражаньнямі ад працы Захарчанкі. Паводле іх, ніколі не было такога, каб яна падманула ці не давезла перадач. Пра зьніклую пісалі як пра адказнага і пунктуальнага чалавека.
Выходзіла так, што яшчэ 13-15 ліпеня Натальля была на сувязі тымі, хто перадаваў ці прымаў перадачы, абяцала забраць пасажыраў зь Беларусі ва Ўкраіну. Але 17 ліпеня зьнікла з «радараў» — не адказваў ані беларускі, ані ўкраінскі нумар. Ня ведалі, што зь ёй і дзе яна, і сваякі.
Валянтэрка
У жніўні 2023 году ва ўкраінскім выданьні «Час чернігівський» выступіла Надзея Захаранка, маці Натальлі. Яна заявіла, што дачка прапала ў Беларусі. І ні амбасада, ні пракуратура, ні Міністэрства замежных спраў не дапамаглі ёй высьветліць, дзе знаходзіцца дачка.
Надзея Захарчанка патлумачыла, што яе дачка была валянтэркай, дапамагала ўкраінцам выяжджаць зь Беларусі. І нібыта ў Мазыры быў створаны «эвакуацыйны цэнтар». Пазьней словы пра «валянтэрку» і «эвакуацыйны цэнтар» перакачавалі і ў беларускія СМІ. Тым часам карыстальнікі чату пісалі, што за свае паслугі ў перавозцы людзей і рэчаў Натальля брала грошы. Пісалі таксама, што перавозка аднаго чалавека каштавала 200 даляраў. Тарыфы на рэчы, дакумэнты ці грошы невядомыя. Усё гэта ўзгаднялася асабіста ў прыватных паведамленьнях.
15 лютага 2024 году ў Гомельскім абласным судзе пачаўся працэс у справе Натальлі Захаранкі, яе абвінавацілі ў «шпіянажы». Жанчыне пагражае да 15 гадоў зьняволеньня. У справе праходзіць ейная сяброўка, беларуска з Мазыра Ларыса Крупа. Крупу судзяць за «неданясеньне пра злачынства». Максымальнае пакараньне па гэтым артыкуле — 2 гады калёніі.
Пасьля зьнікненьня Натальлі Захаранкі ў Беларусі ў 2023 годзе крыніцы Свабоды ў Гомлі зь ліку рыначных гандляроў пацьвердзілі, што яны добра ведаюць і памятаюць Натальлю, бо да 2021 году яна прывозіла тавары з Чарнігава ў Гомель.
«На нашым рынку „Цэнтральным“ яе ўсе ведалі, але гады два яна ўжо не зьяўлялася. Зразумела, чаму. Ідзе вайна, мяжа на замку, нявыгадна вазіць праз Польшчу тыя ж спэцыі і розную драбязу. З Гомля яна везла ў Чарнігаў беларускія прадукты — аўсянку, згушчанае малако і іншае», — пракамэнтавала Свабодзе на ўмовах ананімнасьці Марына (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС), якая гандлюе на гомельскім рынку і дагэтуль.
Суд у справе мытнікаў
У 2017 годзе ў Гомлі адбыўся гучны крымінальны працэс у справе мясцовых мытнікаў. Абвінавачанымі былі 18 чалавек, сярод якіх практычна ў поўным складзе два аддзелы гомельскай мытні. Працэс падрабязна асьвятлялі журналісты выданьня naviny.by. Пасьля 2021 году беларускія ўлады прызналі яго «экстрэмісцкім», са старонкі зьнікла большасьць матэрыялаў.
Тады, у 2017-м, гомельскіх мытнікаў абвінавацілі ў хабары. У большасьці эпізодаў хабар быў атрыманы, згодна з абвінавачаньнем, «у неўстаноўленым месцы ў неўстаноўлены час ад неўстаноўленай асобы за праезд неўстаноўленага транспартнага сродку».
Зь іншых эпізодаў вынікала, што памер разавага хабару складаў 100-160 рублёў. Прычым бралі яго нібыта за праезд празь мяжу паміж Расеяй і Беларусьсю, дзе адсутнічае мытны кантроль. Большасьць абвінавачаных мытнікаў заяўлялі, што справа сфабрыкаваная і што яны зазналі зьдзекі і катаваньні з боку супрацоўнікаў КДБ. А «правільныя» паказаньні зь іх папросту выбівалі.
Сьведкамі на судзе выступілі дзьве грамадзянкі Ўкраіны, жыхаркі Чарнігава Людміла (Алена) Швед (Ганчарэнка) і Натальля Захаранка (імя і прозьвішча першай жанчыны пададзенае ў дужках, бо пазьней яна іх памяняла. — РС). Сьведкі заявілі, што давалі хабар мытнікам. Тыя, у сваю чаргу, называлі грамадзянак Украіны кантрабандысткамі, якія неаднаразова прыцягваліся да адказнасьці за парушэньне мытнага заканадаўства. А таксама шмат разоў траплялі на вока міліцыі, памежнікаў і мытнікаў.
Мытнікі і іх адвакаты заяўлялі на працэсе, што грамадзянцы Ўкраіны Швед, яна ж Ганчарэнка, быў забаронены ўезд у Беларусь з прычыны неаднаразовага парушэньня заканадаўства. І незразумела, якім чынам яна магла трапіць на суд. Абвінавачаныя супрацоўнікі мытні таксама расказвалі, што такія сьведкі зь ліку кантрабандыстак даюць патрэбныя для КДБ паказаньні, каб пазьбегнуць адказнасьці за свае ўласныя правапарушэньні і злачынствы.
«Апэратыўны інтарэс»
Гісторыю ўдзелу Натальлі Захаранкі ў шпіёнскім скандале і судовым працэсе 2017 году ў Гомлі Свабодзе пракамэнтавалі крыніцы ў сілавых органах Гомля. Міхаіл (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС) расказаў аб працы кантрабандыстаў на беларуска-ўкраінскай мяжы да пачатку поўнамаштабнай вайны. Па словах суразмоўцы, чалавек, які часта перасякаў беларуска-ўкраінскую мяжу ў той час, ня мог не прыцягнуць увагі спэцслужбаў — як беларускіх, так і ўкраінскіх. Паводле Міхаіла, такія перамяшчэньні заўсёды падкантрольныя пэўным органам.
Суразмоўца сьцьвярджае, што ведае пра ролю ўкраінак Ганчарэнкі (Швед) і Захарчанкі ў справе гомельскіх мытнікаў, якая разглядалася ў 2017 годзе.
«Яны гадамі працавалі ў пары і цягалі ў Гомель і з Гомля розныя тавары. Рабілі гэта рознымі спосабамі. Пачыналі з драбязы, потым „пашырылі бізнэс“. Напрыклад, калі норма ўвозу тавару была 30 кіляграмаў на чалавека, то яны садзілі ў мікрааўтобус, скажам, 10 чалавек, „раскідалі“ на іх тавар і везьлі ў Гомель. Тут выгружалі на рынку „Цэнтральны“. Іх, дарэчы, часта затрымлівалі ў Беларусі. Прычым усе органы — падатковая служба, міліцыя, памежнікі, мытнікі. Складалі пратаколы», — расказаў Міхаіл.
Ён дадае, што ў Чарнігаў на продаж украінкі везьлі беларускія тавары. «Але беларускім памежнікам ці мытнікам ўсё роўна, колькі тавараў яны вывозяць, ды хоць тонамі. Беларусі гэта выгадна, грошы ў краіне застаюцца. Але Ўкраіна мела свае нормы ўвозу тавараў. І чаму іх каралі (ці не каралі) украінскія органы, гэта пытаньне да іх», — тлумачыць Міхаіл.
«Калі не яны, дык іншыя завэрбуюць»
Суразмоўца кажа, што на 99% упэўнены, што кантрабандысты, якія гадамі возяць тавары праз мяжу, завэрбаваныя спэцслужбамі.
«Гэта могуць быць як беларускія органы, так і ўкраінскія. Так і тыя, і тыя адразу. Бо такія людзі могуць дапамагчы інфармацыяй пра наяўнасьць тэхналёгій на мяжы, пра сацыяльна-эканамічны стан краіны, пра сустрэтыя па дарозе вайсковыя калёны, базы і так далей. Такі чалавек шмат чуе, бачыць, разумее. І гэта нармальна, што спэцслужбы маюць інтарэс да такіх людзей, так было заўжды», — сьцьвярджае Міхаіл.
Калі дапусьціць, што Натальля Захаранка магла мець сувязі ў беларускім КДБ, то чаму яе судзяць за шпіянаж?
«Гэтыя справы, аб шпіянажы, называюцца „інтэлігентнымі“. На іх трэба сабраць нармальны матэрыял. Дапушчу, што нешта на яе назьбіралася, і не адзін год зьбіралася, і вось настала такая сытуацыя», — адказвае суразмоўца.
Міхаіл кажа, што такія людзі, як Натальля, ходзяць па «тонкім лёдзе». «Калі мы гаворым пра мінулыя гады, калі ўкраінскія органы не каралі яе за, скажам, перавышэньне нормаў увозу беларускіх тавараў, то беларускі КДБ мог ёй паставіць такое пытаньне. Чаму ты беспакарана парушаеш украінскае заканадаўства? Гэта карупцыя? Ці нешта іншае? Аналягічна ў яе маглі спытацца і ў СБУ», — гаворыць суразмоўца.
Арцём (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) раней працаваў на мяжы ў органах памежнай службы ў Гомельскай вобласьці. Ён пагаджаецца з думкай, што кантрабандысты як крыніца інфармацыі цікавыя і памежнікам, і мытнікам, і КДБ.
«Асаблівай папулярнасьцю ў кантрабандыстаў пры маёй службе ў мінулыя гады, да поўнамаштабнай вайны, карысталіся спрошчаныя пункты пропуску. Перасякаць іх маглі бяз штампа ў пашпарце жыхары памежнай зоны з украінскага і беларускага боку. І іх актыўна выкарыстоўвалі кантрабандысты», — кажа Арцём.
Суразмоўца расказвае пра адну са схемаў «перакіданьня» тавараў з украінскага боку на беларускі. Яна працуе наступным чынам. З боку Ўкраіны прыяжджае мікрааўтобус з таварамі. Аналягічны транспарт чакае ў Беларусі. Мяжу перасякаюць жыхары памежнай зоны і на сабе, пешым ходам, пераносяць тавар з украінскага ў беларускі мікрааўтобус.
«І няма ніякага парушэньня закону, бо чалавек мае права перасякаць мяжу і мае права несьці пэўныя кіляграмы тавараў», — кажа былы памежнік.
Ён дадае, што кантрабандысты мелі свой інтарэс на мяжы і іх таксама можна было «чым-небудзь зацікавіць».
«Мы на нешта закрыем вочы, а ты нам нешта раскажаш. Можа быць, ня ўсе, але вялікі працэнт іх завэрбаваны. І двайныя агенты ёсьць, 100%. Іх вэрбуюць „свае“ — СБУ, украінскія памежнікі. Бо разумеюць, што „ня мы, то гэта зробяць іншыя“», — зазначае Арцём.
Чаму маглі арыштаваць чалавека, які тэарэтычна мог быць завэрбаваны?
«Вялікае пытаньне, наколькі былі выгадныя, „даражэйшыя“ тыя дадзеныя, якія яна магла даваць „нашым“, за тыя, якія яна магла б даць другому боку? І калі перасіліць, што выгадней тое, што яна можа даць з украінскага боку, то мо будзе езьдзіць і далей. Магу нават дапусьціць думку, што зь яе вымагалі грошы і не сышліся ў сумах. Раней, да 2020-га, я ня мог бы такога дапусьціць. Цяпер, калі ўсе жывуць па прынцыпе „часам не да законаў“, то чаму б памежнікам ці спэцслужбам не пажыць у такім рэжыме?» — дадаў Арцём.
Разгляд абвінавачанай у шпіянажы справы грамадзянкі Ўкраіны Натальлі Захаранкі працягваецца. Працэс праходзіць у закрытым рэжыме, яго падрабязнасьці невядомыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Астравецкім раёне будуць судзіць мужчыну за 142 кг гашышу. І гэта не рэкордная колькасьць