Дзясяткі людзей судзяць у Беларусі паводле адміністрацыйнага артыкула за так званы «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Так сілавыя органы трактуюць падпіскі на незалежныя выданьні і тэлеграм-каналы.
Але ў Крупках чалавека, у якога знайшлі такія падпіскі, не асудзілі.
Адміністрацыйную справу разглядаў суд Крупскага раёну (Менская вобласьць).
Паводле пратаколу, вайскоўца з вайсковай часткі ў пасёлку Бобр Крупскага раёну прыцягнулі да адказнасьці адпаведна частцы 2 артыкула 19.11 КаАП («распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»), бо ён меў у тэлефоне ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце» падпіскі на групы «Мая Краіна Беларусь» і «Типичный Борисов», уключаныя ў сьпіс так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў.
На судзе вайсковец «віну ў зьдзяйсьненьні правапарушэньня не прызнаў, патлумачыў, што сапраўды меў падпіскі. Аднак мэты распаўсюджваць іх ня меў, ня ведаў, што гэта „экстрэмісцкія матэрыялы“, бо падпіска была зробленая каля пяці гадоў таму. Доўгі час не праглядаў зьмест гэтых суполак».
Суд вырашыў, што справу трэба спыніць на падставе таго, што «ў дзеяньнях адсутнічае склад адміністрацыйнага правапарушэньня». Вайскоўцу вярнулі тэлефон «Honor 90».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 лютага: Вольгу Брыцікаву будуць судзіць у закрытым рэжыме; зноў затрымалі нэўроляга Бадамшына