Судовы працэс над відэаапэратарам-фрылансэрам Андрэем Толчыным пачнецца 5 сакавіка а 10-й раніцы ў Гомельскім абласным судзе, паведамляе «Вясна».
Андрэю Толчыну 64 гады, і ягоная біяграфія не заўсёды была зьвязана з журналістыкай.
Як стала вядома БАЖ, журналіста вінавацяць не ў «нанясеньні шкоды нацыянальнай бясьпецы», як меркавалася раней, а ў «экстрэмізьме» паводле артыкулу 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім»), паведамляе БАЖ.
Якія канкрэтна дзеяньні ставяць у віну Андрэю Толчыну, дагэтуль невядома, бо абвінавачаньне трымаюць у таямніцы. У лістах на волю з прычыны турэмнай цэнзуры напісаць пра гэта адкрыта вязень ня можа.
64-гадовы журналіст мае гіпэртанію, праблемы з нагамі.
Толчына затрымалі сілавікі 23 верасьня 2023 году. На наступны дзень пасьля затрыманьня ў кватэры, дзе ён жыў з жонкай, правялі ператрус. Сьледчыя забралі кампутарную тэхніку ды іншыя лічбавыя носьбіты.
Паводле БАЖ, за кратамі цяпер 33 прадстаўнікі беларускіх СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядомай прычына арышту ў Гомлі журналіста ТолчынаХто такі Андрэй Толчын
Андрэй Толчын у дэмакратычным асяродку Гомля стаў прыкметнай асобай яшчэ ў 90-х гадах, калі Беларусь здабывала незалежнасьць. Працаваў тады наладчыкам апаратуры на радыёзаводзе «Прамень».
Удзельнічаў у незалежным прафсаюзным руху, які выступаў за абарону правоў рабочых.
На дэмакратычнай аснове быў выбраны дэпутатам Гомельскага гарадзкога савету 21-га скліканьня — гэта акурат той савет, адзін з двух у Беларусі, які ў жніўні 1991 году адкрыта выступіў супраць камуністычнага дзяржаўнага перавароту ў Маскве і вітаў абвяшчэньне незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.
У гарадзкім савеце Андрэй уваходзіў у камісію сувязяў з грамадзкасьцю і СМІ. Быў сябрам зьліквідаванай цяпер уладамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, працяглы час ачольваў гарадзкую арганізацыю гэтай партыі. Апекаваўся дзейнасьцю дэмакратычных дабрачынных фондаў. Зьведаў таксама і беспрацоўе.
Пасьля выбараў 2010 году Толчын у якасьці відэаапэратара-фрылансэра супрацоўнічаў з незалежнымі мэдыярэсурсамі. За журналісцкую працу Андрэя Толчына шмат разоў штрафавалі і адпраўлялі за краты на падставе адміністрацыйных пратаколаў, якія складала міліцыя, бо ў відэаапэратара-фрылансэра не было акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных справаў.
У 2020 годзе Толчына затрымлівалі разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай за асьвятленьне пратэстаў, афіцыйна — нібыта за ўдзел у масавых беспарадках.
Таксама журналіста затрымлівалі ў 2021 годзе каля гомельскага СІЗА-3, дзе ён здымаў сваякоў палітвязьняў Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка, якіх разам зь іншымі абвінавачанымі 24 чэрвеня пачалі судзіць у памяшканьні ізалятару. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, палітвязьняў абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальваньні звады і перашкодзе дзейнасьці ЦВК. Тады Толчын запісваў і камэнтар аднаго з дыпляматаў Эўразьвязу, што прыехалі ў Гомель на суд. Усе відэазапісы ў фрылансэра забрала міліцыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Казала ім, што не хачу паміраць на чужыне». Гісторыя 73-гадовай беларускі, якая мусіла ўцякаць за мяжу, бо насіла перадачы ў СІЗА