У Грузіі па «наркатычным» артыкуле затрымалі групу асоб, у тым ліку беларусаў

Аўтамабіль грузінскай паліцыі

Супрацоўнікі грузінскай паліцыі і Службы дзяржаўнай бясьпекі затрымалі паводле абвінавачаньня ў злачынствах, зьвязаных з наркотыкамі, 10 чалавек.

Сярод затрыманых — грамадзяне Беларусі, Грузіі і Ізраіля, паведамляе Позірк са спасылкай на партал newsgeorgia.ge.

Адзначаецца, што сярод іх «двое ўмоўна асуджаных непаўналетніх», а таксама «яшчэ трое асоб маладзейшых за 30 гадоў».

Падазраваных затрымалі ў выніку рэйдаў у Тбілісі, прысталічным пасёлку Панічала, а таксама гарадах Батумі і Азургеці на захадзе краіны.

У падазраваных сканфіскавалі 440 таблетак экстазі, да 3 кг опію-сырцу, какаін, марыхуану, гашыш, субаксін, амфэтамін ды іншыя рэчывы. У дамах двух фігурантаў у Панічале сілавікі знайшлі 2,8 млн расейскіх рублёў, 97,3 тысяч даляраў і 6 тысяч лары.

У рэгіёне Аджарыя (цэнтар — Батумі) у доме аднаго з падазраваных выявілі «матэрыялы, неабходныя для пакаваньня наркотыкаў, электрычныя шалі, сыгнальны пісталет і патроны».

Вядзецца расьсьледаваньне на падставе чатырох крымінальных артыкулаў, сукупным пакараньнем паводле якіх можа стаць нават пажыцьцёвае зьняволеньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Астравецкім раёне будуць судзіць мужчыну за 142 кг гашышу. І гэта не рэкордная колькасьць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Грузіі заявіла, што брак зялёнага сьвятла на дарозе краіны ў Эўразьвяз будзе азначаць перамогу Расеі