Вынікі выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня зацьверджаныя адпаведнай пастановай Цэнтральнай выбарчай камісіі. Пра гэта было заяўлена на пасяджэньні гэтага органа 1 сакавіка, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Старшыня ЦВК Ігар Карпенка заявіў, што сярод 110 дэпутатаў — 20 прадстаўнікоў мінулага скліканьня ніжняй палаты парлямэнту (18,2%), а таксама 27 чалавек, якія былі дэпутатамі мясцовых саветаў 28-га скліканьня (24,5%). У новым складзе Палаты прадстаўнікоў 37 жанчын (33,6 %).
Па словах чыноўніка, супрацоўнікі дзяржаўных органаў складаюць 40% 8-га скліканьня ніжняй палаты; сфэры навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорту — 23,6%; прамысловасьці, транспарту і будаўніцтва — 15,5%; сілавых структур — 7,3%; сфэры гандлю, бытавога абслугоўваньня і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі — 2,7%; іншых сфэр дзейнасьці — 10,9%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пераважную большасьць месцаў у Палаце прадстаўнікоў занялі сябры «Белай Русі» і беспартыйныяНа сёньняшнім пасяджэньні ЦВК было абвешчана, што першая сэсія новага складу Палаты прадстаўнікоў адкрыецца 22 сакавіка.
На пасяджэньні ЦВК таксама было заяўлена, што выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад мясцовых саветаў дэпутатаў і грамадзянскай супольнасьці пройдуць 1–10 красавіка.
Сёлета ў Беларусі ўпершыню прайшлі аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і ў мясцовыя Саветы — адзіны дзень галасаваньня 25 лютага. Фармат адзінага дня запазычаны ў Расеі.
Адзіны дзень галасаваньня і электаральная кампанія ў цэлым прайшлі на фоне маштабных рэпрэсіяў і «зачысткі» палітычнага поля ад апазыцыі. У дэпутаты былі вылучаныя толькі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бурэль заявіў, што ў новых беларускіх дэпутатаў няма легітымнасьці. МЗС Расеі ўбачыла на выбарах «спробы дэстабілізацыі»Аб непрызнаньні выбараў заявіў Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, з адпаведным заклікам выступіла парлямэнцкая група «За дэмакратычную Беларусь» у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны. Выбары скрытыкавалі зьнешнепалітычныя ведамствы Нямеччыны, Даніі, Нарвэгіі, Польшчы, Швэцыі, група «Дэмакратычная Беларусь» у Бундэстагу, Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы.
У папярэдняй справаздачы місіі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якую арганізавалі праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт, адзначалася, што выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 8-га скліканьня і мясцовых Саветаў дэпутатаў 29-га скліканьня «не адпавядалі міжнародным стандартам правядзеньня дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама суправаджаліся шматлікімі парушэньнямі выбарчага заканадаўства».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справаздача «Праваабаронцаў за свабодныя выбары»: Выбары не адпавядалі міжнародным стандартам