Нядаўна ў СМІ зьявілася інфармацыя пра звальненьні ў Менскім абласным тэатры лялек «Батлейка» і пра тое, што тэатар апынуўся «пад пагрозай закрыцьця» або далучэньня да мясцовага Палаца культуры. Інфармацыю ў тэатры пракамэнтавалі выданьню Kraj.by.
Галоўны інжынэр і выканаўца абавязкаў дырэктара тэатра «Батлейка» Мікалай Тамашэўскі заявіў, што дырэктарку тэатру Тацяну Чаеўскую ня звольнілі: паводле Тамашэўскага, яна цяпер «на бальнічным». Таксама ён абверг інфармацыю пра непадаўжэньне кантракту работнікам і запэўніў, што заробкі за студзень ім выплацілі цалкам, а пытаньне «з кім працягваць працоўныя адносіны, а з кім — не» будзе вырашаць дырэктарка, калі выйдзе пасьля хваробы, і дадаў, што «частка гэтых людзей — пэнсіянэры».
«Што тычыцца лютага, у аблвыканкаме сказалі, што дапамогуць. У нас ёсьць задумкі ў абнаўленьні рэпэртуару, прыцягненьні гледачоў розных узроставых катэгорыяў», — паведаміў выканаўца абавязкаў дырэктара.
Былая кіраўніца тэатру Ала Палякова ў камэнтары выданьню прызнала, што праблемы ў тэатру ўсё ж ёсьць: паводле яе, пляны ў выручцы, якая павінна пакрыць выдаткі тэатру, рэалізаваць не ўдалося, бо яны «нерэальныя». Цяжкасьці, якія ўзьніклі ў тэатры, яна патлумачыла новым патрабаваньнем фінансаваньня выдаткаў са сродкаў бюджэту і ўласных сродкаў тэатраў у прапорцыях 60/40 — паводле яе, у «Батлейцы» да апошняга спадзяваліся, што гэтае рашэньне ня будзе прынятае, і яно аказалася «як сьнег на галаву».
Як вынікае з публікацыі, цяпер у калектыве «Батлейкі» 42 чалавекі, зь іх 13 пэнсіянэраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: у Маладэчне «аптымізуюць» тэатар лялек «Батлейка» — 7 супрацоўнікам не працягнулі кантракты- Днямі шэраг беларускіх СМІ паведамілі, што ў Менскім абласным тэатры лялек «Батлейка» ў Маладэчне не працягнулі кантракт з 7 супрацоўнікамі: галоўным адміністратарам, галоўным бухгальтарам, двума работнікамі майстэрняў, касьцюмерам і дзьвюма прыбіральніцамі. Дырэктарку Тацяну Чаеўскую, паводле інфармацыі СМІ, нібыта зьнялі з пасады, а выканаўцам яе абавязкаў прызначылі галоўнага інжынэра «Батлейкі». Варта адзначыць, што з сайту тэатру імя і кантакты дырэктаркі Тацяны Чаеўскай пакуль не прыбралі.
- Таксама ў СМІ гучала непацьверджаная інфармацыя, пра магчымае закрыцьцё тэатру або яго далучэньне да іншай установы, напрыклад да Палаца культуры ў Маладэчне. Чытачу «Нашай нівы» ў Менскім абласным ўпраўленьні культуры пацьвердзілі, што ў іх ёсьць пытаньні да тэатру наконт выкананьня пляну, але запэўнілі, што закрываць тэатар не зьбіраюцца, дадаўшы: магчыма, ён будзе існаваць «у нейкім новым фармаце».
- Тэатар лялек «Батлейка» працуе ў Маладэчне з 1990 году. Тэатар неаднаразова ўзнагароджвалі дыплёмамі і прызамі на міжнародных фэстывалях тэатраў лялек Беларусі, Расеі, Малдовы, Украіны, Літвы, Нямеччыны, Італіі, Сэрбіі, Польшчы.
- У 2023 годзе спыніў існаваньне сталічны Тэатар аднаго актора «Зьніч».