Палітзьняволены Павал Пяскоў цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Павал Пяскоў — першы, хто атрымаў палітычны прысуд за падзеі пасьля выбараў 2020 году. Яго абвінавацілі ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў, зьвязаным з ужываньнем гвалту (ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу) на акцыі 19 чэрвеня 2020 году ў Маладэчне, падчас якой адзін з амапаўцаў дастаў пісталет.
У той дзень міліцыя адвольна, з ужываньнем непрапарцыйнага гвалту затрымала аднаго з прысутных пратэстоўцаў, сьцьвярджаючы, што той актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Павал Пяскоў быў побач зь некалькімі дзясяткамі гараджан, якія спрабавалі ня даць затрымаць удзельнікаў мірнага сходу.
Паўлу Пяскову прысудзілі 3 гады і 3 месяцы калёніі.
Пазьней яму дадалі яшчэ 1 год зьняволеньня за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі».
Цяпер праваабаронцам стала вядома, што Павал Пяскоў цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галюцынацыі, думкі пра суіцыд. Экспэрты расказалі, што адбываецца зь беларускімі палітвязьнямі ў штрафных ізалятарах калёній- Па стане на 28 лютага 2024 году ў Беларусі сама меней 1403 палітвязьні, прызнаныя праваабарончай супольнасьцю. Паводле іншых падлікаў, колькасьць людзей, зьняволеных з палітычных матываў, у Беларусі можа быць значна большай.
- Акрамя гэтага, з 2020 году больш за 1500 палітвязьняў ужо выйшлі на волю ў сувязі з адбыцьцём пакараньня, зьменай меры стрыманьня, прызначэньня пакараньня, не зьвязанага з пазбаўленьнем волі, памілаваньня.
- На канец студзеня 2024 году праваабаронцам «Вясны» было вядома больш як пра 4500 асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах.
- Праваабаронцы працягваюць фіксаваць факты другаснага перасьледу былых палітвязьняў.