«Вас дэпартуюць». Беларусам у Літве масава тэлефануюць, прадстаўляючыся Дэпартамэнтам міграцыі

Вільня, ілюстарцыйнае фота

З раніцы 28 лютага некаторыя беларусы ў Літве пачалі скардзіцца на званкі зь незнаёмых нумароў. У Дэпартамэнтце міграцыі Свабодзе патлумачылі, ці маюць да гэтага дачыненьне.

Па інфармацыі Свабоды, званкі нібыта з Дэпартамэнту міграцыі Літвы атрымліваюць як людзі з часовым дазволам на жыхарства, так і людзі са статусам уцекача.

Скрын запісу тэлефанаваньняў

Тым, каму тэлефануюць, невядомыя кажуць, што Дэпартамэнт бясьпекі перагледзеў іх статус і зараз іх дэпартуюць. Зь міграцыйных чатаў вядома аб прыблізна дзясятку такіх скаргаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі паабяцалі «жорстка адрэагаваць» на закрыцьцё Літвой яшчэ двух памежных пунктаў

«Гаварылі па-літоўску»

Аліса, якая мае дазвол на жыхарства ў Літве, атрымала дзіўны званок пасьля 10 раніцы 28 лютага. Чалавек у трубцы гаварыў спачатку па-літоўску.

«Я некалькі разоў прасіла перайсьці на расейскую мову, бо запанікавала, ён пачаў павышаць голас і амаль крычаць, што я буду дэпартаваная зь Літвы і маё знаходжаньне тут непажаданае. Я спачатку гэтага не зразумела, бо ў мяне няма праблемаў, у мяне дзейсны дазвол на жыхарства, гатовы наступны, у мяне няма правапарушэньняў тут. Калі ён званіў, назваў мяне па імені і прозьвішчы», — расказала дзяўчына.

Пасьля такога званка яна пазваніла ў паліцыю і паехала ў Дэпартамэнт міграцыі.

«У паліцыі зарэгістравалі маю заяўку, у дэпартамэнце мне апэратыўна дапамаглі, праверылі ўсе мае дакумэнты, усё аказалася ў норме. Сказалі, што зь міграцыі так ніколі ня звоняць. Пасьля я паехала і напісала заяву ў паліцыю, яе прынялі», — дадае дзяўчына.

Нумар, зь якога ёй званілі, ня быў падобны да літоўскага, хаця падобны да нумару Дэпартамэнту міграцыі (+870767000). У міграцыйных службаў Літвы ёсьць такі нумар, але наперадзе няма плюса, бо гэта ўнутраны званок у краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абяцаюць зьняць з вышуку, просяць паведаміць новы адрас. Беларусы замежжа расказалі пра новую тактыку сілавікоў

«Гэта правакацыя»

На думку кіраўніка фонду BySol Андрэя Стрыжака, гэта правакацыя. А калі чалавек хвалюецца, ён можа спраўдзіць свой статус у электронным кабінэце на сайце Дэпартамэнту міграцыі.

«Хутчэй за ўсё, правакацыя, бо ў нумарах »+" стаіць, зь якіх тэлефануюць. А ў Літве нумар міграцыі пачынаецца на 8. Чалавек можа зайсьці ў свой акаўнт на сайце Дэпартамэнту міграцыі і праверыць свой статус: калі там няма паведамленьня, то ўсё добра«, — расказаў Стрыжак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я плакала». Як беларусы адрэагавалі на закрыцьцё Літвой яшчэ двух пераходаў зь Беларусьсю

Дэпаратамэнт міграцыі: «Гэта спроба пасеяць паніку»

У Дэпаратамэнце міграцыі Літвы Свабодзе сказалі, што ня маюць ніякага дачыненьня да такіх званкоў і ўвогуле не апавяшчаюць людзей аб такіх рэчах па тэлефоне.

«Гэта спроба дэзынфармацыі і спроба пасеяць паніку, гэта дакладна не Дэпартамэнт міграцыі, мы такіх званкоў, тым больш з такімі паведамленьнямі, ня робім», — расказаў прадстаўнік дэпартамэнту Рокас Пукінскас (Rokas Pukinskas).

27 лютага літоўскія ўлады заявілі, што зьбіраюцца праверыць 18 тысяч беларусаў, якія атрымалі дазвол на жыхарства да ўвядзеньня спэцыяльных анкет, якія трэба запаўняць пры падачы дакумэнтаў. Там трэба пазначыць сваё стаўленьне да вайны ва Ўкраіне і зьвесткі аб папярэдніх месцах працы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Літва дакладна трымае лінію падзелу паміж дэмакратычнымі беларусамі і саўдзельнікамі рэжыму», — Віціс Юрконіс
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве плянуюць дадаткова праверыць больш за 18 000 беларусаў: давядзецца запоўніць апытальнік