У Беларусі плянуецца панізіць прыродаахоўны статус зубра, эўрапейскай рысі, мядзьведзя і барсука звычайнага, заявіла на прэс-канфэрэнцыі 28 лютага ў Менску кансультант упраўленьня біялягічнай і ляндшафтнай разнастайнасьці ўпраўленьня Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Тацяна Жалязнова, якую цытуе «Позірк».
«Па папярэдніх дадзеных, у новае выданьне Чырвонай кнігі Беларусі ў 2025 годзе плянуецца ўключыць 305 відаў расьлін, выключыць 26, уключыць 21 від жывёлаў, выключыць 12», — заявіла яна.
Чыноўніца падкрэсьліла, што «шэрагу асобных жывёлаў будзе зьніжаны статус прыродааховы», але дэталяў адпаведных плянаў не прывяла.
У Беларусі, сказала Жалязнова, «распрацаваны і дзейнічаюць 16 плянаў дзеяньняў у захаваньні дзікіх жывёлаў і 30 плянаў дзеяньняў у захаваньні дзікарослых расьлін».
«Нейкія пляны ўжо сёлета таксама распрацоўваюцца, напрыклад актуалізуецца плян упраўленьня па рысі. Сёлета будзе праведзена работа Нацыянальнай акадэміі навук, якая ўжо доўжыцца трэці год, для ўліку колькасьці рысяў, барсукоў, мядзьведзяў. Па выніку сёлета будуць распрацаваныя пляны кіраваньня папуляцыямі гэтых відаў», — сказала прадстаўніца Мінпрыроды.
Акрамя перадачы пад ахову і распрацоўкі плянаў дзеяньняў, у Беларусі «рэглямэнтаваны парадак адабраньня такіх жывёлаў з асяродзьдзя іх пражываньня і росту». Гэтыя маніпуляцыі праводзяцца «толькі ў пэўных навуковых мэтах», падкрэсьліла яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мілы пухнацік ці страшны зьвер? Паляўнічы і эколяг — пра ідэю Шуневіча забіваць мядзьведзяў19 кастрычніка 2022 году старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, былы міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч выказаў думку, што «з пункту гледжаньня прыродаахоўнай дзейнасьці Чырвоная кніга — рудымэнтарны інструмэнт».
«У свой час абсалютна неабгрунтавана і без усялякіх на тое аб’ектыўных зьвестак туды была ўнесеная рысь. Сёньня колькасьць і рысі, і мядзьведзя — тых „чырвонакніжнікаў“, пра якіх ідзе гаворка, ды і зубра, знаходзіцца ў такім стане, які дазваляе весьці на іх паляваньне. Выбарачную, лімітаваную — як заўгодна. Што і адбываецца сёньня з зубрам. Я б аднёс да гэтай катэгорыі яшчэ некалькі відаў жывёлаў і птушак», — сказаў Шуневіч. Па яго сьцьвярджэньні, у некаторых рэгіёнах папуляцыя зуброў ужо патрабуе рэгуляваньня.
У кастрычніку 2023 году начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандар Казарэз паведаміў, што за апошнія 10 гадоў папуляцыя бурага мядзьведзя ў Беларусі вырасла са 100–120 асобін прыкладна да 700.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігар Шуневіч заклікае дазволіць паляваньне на мядзьведзя. Навукоўцы супраць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шуневіч на сустрэчы з Лукашэнкам прапанаваў адстрэльваць «праблемных» мядзьведзяў