У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі расказалі аб інцыдэнце, які адбыўся 10 лютага ў зоне дзеяньня Горадзенскай памежнай групы.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, памежнік выявіў у памежнай зоне трох невядомых грамадзян Беларусі, якія спрабавалі запусьціць дрон.
У момант спробы затрыманьня грамадзяне «напалі на памежніка», а потым уцяклі на аўтамабілі. У Памежным камітэце сьцьвярджаюць, што дрон спрабавалі запусьці для «супрацьпраўнай дзейнасьці».
Усіх грамадзян затрымалі праз чатыры дні. Двух удзельнікаў інцыдэнту затрымалі на трасе М-6 пры ўдзеле асобнага спэцыялізаванага батальёну «Дэльта» ДАІ і сілавой падтрымцы АМАП. Трэцяга грамадзяніна затрымалі ў вёсцы Васілевічы Горадзенскага раёну.
«На зламысьнікаў завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 366 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь („Гвалт або пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадзкі абавязак“). Адзін з затрыманых знаходзіцца ў СІЗА турмы № 1 горада Горадня, двое — пад падпіскай аб нявыезьдзе. Ім пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі», — паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2023 годзе кантрабанда беларускіх цыгарэт у Польшчу павялічылася ў 12 разоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве паведамілі аб зьмяншэньні міграцыйнага патоку зь Беларусі