Па зьвестках НВС, на працягу наступных дзевяці месяцаў Латвія возьме на сябе абслугоўваньне місіі NATO ў патруляваньні паветранай прасторы краін Балтыі, бо ў гэты час на авіябазе ў Эмары (Эстонія) будзе адбывацца мадэрнізацыя аэрадрому. Рамонтныя работы ў Эмары закрануць пакрыцьцё аэрадрому і інжынэрныя сыстэмы.
Паветраную прастору краін Балтыі зараз патрулюе вайсковая авіяцыя Нямеччыны. Місія паветранай паліцыі NATO ў краінах Балтыі ажыцьцяўляецца зь Літвы і Эстоніі. З 2004 году патруляваньне вядзецца з авіябазы Шаўлі ў Літве, але з 2014 году місія падтрымкі вядзецца і з базы Эмары ў Эстоніі. Упершыню ратацыя місій будзе праходзіць у Латвіі.
У Міністэрстве абароны Латвіі растлумачылі, што, пакуль Расея працягвае вайну ва Ўкраіне, зьнішчальнікі саюзьнікаў, дысьлякаваныя ў краінах Балтыі, павінны ня толькі рэагаваць на магчымыя парушэньні расейскімі вайсковымі самалётамі паветранай прасторы краін Балтыі, але і патрулююць паветраную прастору паблізу расейскай і беларускай межаў, піша Delfi.
Таксама ў Міністэрстве абароны папярэдзілі аб тым, што найбліжэйшым часам жыхары Латвіі будуць часьцей бачыць і чуць самалёты саюзьнікаў у паветранай прасторы Латвіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэззыдэнт Францыі Макрон на адкрыцьці міжнароднай канфэрэнцыі па Ўкраіне: «Расея не павінная і ня можа перамагчы» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны Балтыі ўручылі ноты пратэсту расейскім паслам пасьля інфармацыі пра вышук высокапастаўленых палітыкаў