У нядзелю, 25 лютага, у сталіцы Польшчы знайшлі беларуску без прытомнасьці са сьлядамі ўдушэньня на целе. Яна ляжала раніцай распранутая на вуліцы Журавяй у самым цэнтры гораду, паведаміў Miejski Reporter. Напад адбыўся ў раёне 5 гадзін раніцы.
Дзяўчыну рэанімавалі і ў крытычным стане даставілі ў шпіталь, застаецца пагроза яе жыцьцю. Тая самая крыніца піша пра тое, што беларусцы 25 гадоў, яна ішла няроўна, што можа сьведчыць пра алькагольнае ап’яненьне ці ўжываньне іншых сродкаў.
Увечары таго ж дня затрымалі мужчыну, які, паводле вэрсіі сьледзтва, датычны да нападу. Яго нібыта вылічылі па камэрах відэаназіраньня. Па факце злачынства завялі крымінальную справу паводле артыкулаў, зьвязаных са згвалтаваньнем і замахам на забойства. Пры гэтым Miejski Reporter паведаміў, што злачынец напаў на ахвяру ззаду, прыставіў нож да горла, уцягнуў у браму дома, згвалціў, а затым стаў душыць. Іншыя крыніцы, што спасылаюцца на паліцыю, ня пішуць пра гэтую вэрсію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: Генпракуратура Ўкраіны абвінаваціла расейскіх салдат у згвалтаваньні чатырохгадовай дзяўчынкі і яе маці на вачах бацькіПартал tvp.info паведаміў, што мужчыну 23 гады, па іншых вэрсіях яму каля 30 гадоў. Ён нібыта меў праблемы з наркотыкамі.
Пасьля злачынства мужчына зрабіў пакупкі ў краме непадалёк, сеў у трамвай і паехаў. Каля 18.30 таго ж дня яго затрымалі. Ёсьць інфармацыя, што дома ў падазраванага ў злачынстве паліцыянты знайшлі літаратуру на тэму забойстваў і згвалтаваньняў.
27 лютага адбудзецца першы допыт меркаванага гвалтаўніка. Яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску за 9 месяцаў ад пэдафілаў пацярпелі 65 дзяцей