Навошта Лукашэнку праводзіць выбары ў 2025 годзе і што на іх могуць зрабіць дэмакратычныя сілы? Тлумачыць палітоляг Казакевіч

Палітоляг Андрэй Казакевіч. Каляж

Лукашэнка заявіў пра ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году. Навошта яму новая электаральная кампанія і ці сапраўды ён баіцца паўтарыць лёс Назарбаева? Што можа адбыцца ў выпадку фізычнай сьмерці Лукашэнкі?  Адказвае доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

— 25 лютага пасьля галасаваньня на выбарчым участку ў Менску Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пойдзе на наступныя прэзыдэнцкія выбары ў 2025 годзе. Працытую: «Перадайце ім, што пайду! І чым больш складаная будзе абстаноўка, чым яны будуць больш напружваць вас, мяне і грамадзтва, тым хутчэй я пайду на гэтыя выбары». Праўдападобна, гэта магла быць і рэакцыя на прагноз Сяргея Чалага, што Лукашэнка больш ня будзе ўдзельнічаць у электаральных кампаніях, а будзе кіраўніком так званага Ўсебеларускага народнага сходу. Як вам падаецца, ці сапраўды гэта была рэакцыя на заяву Чалага пра тое, што ён не адышоў ад траўмы 2020 году, ці іншыя чыньнікі тут былі?

— Вельмі чаканая зьява. Ня бачна ніякіх прыкмет падрыхтоўкі да перадачы ўлады. Няма ніякай істотнай рэформы палітычнай сыстэмы, калі мы гаворым не пра канстытуцыйнае афармленьне, а пра сутнасьць, пра тое, як і кім прымаюцца рашэньні. Гэтага трэба было чакаць. Нейкія спадзевы, можа, у 2021 годзе былі. Але з пачаткам вайны ніхто сур’ёзна варыянт транзыту не разглядае. Зараз Лукашэнка знайшоў дадатковыя аргумэнты, каб казаць людзям у Беларусі, чаму ён усё ж будзе заставацца. Вінаваты ня толькі Захад, і гэта ня толькі яго жаданьне, але ёсьць і такая злосная беларуская апазыцыя, якая спрабуе падарваць сытуацыю, і толькі ён можа гарантаваць стабільнасьць і выжываньне краіны.

— За амаль 30 гадоў Лукашэнкі на чале Беларусі вядома, што словам Лукашэнкі не варта верыць, ён можа сам сябе абвяргаць і казаць супярэчлівыя рэчы ў адным выступе. Ці варта ўсё ж гэтую заяву пра фактычна пачатак кампаніі да прэзыдэнцкіх выбараў успрымаць сур’ёзна?

— Думаю, што так. Мы ня бачым ніякіх прыкметаў падрыхтоўкі да транзыту. Сама ж ідэя транзыту агучвалася дастаткова часта нават афіцыйнымі ці каляафіцыйнымі аналітыкамі і экспэртамі ў 2021 годзе. Апошнія гады гэтага няма... Гэта зьвязана і з тым, што сам Аляксандар Лукашэнка адчувае сябе больш упэўненым. Яму няма куды падзецца. Ён нічога, як сам прызнаваўся, рабіць ня ўмее, як толькі кіраваць...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніякай альтэрнатывы. Да чаго Лукашэнка рыхтуе беларусаў у 2025 годзе

— Калі разглядаць цяперашні адзіны дзень галасаваньня, ці можна сказаць, што гэта была пэўная рэпэтыцыя прэзыдэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца налета?

— Я б сказаў, што гэта адпрацоўка новага фармату. Фармат ранейшых выбараў, у тым ліку выбараў 2020 году, уключаў тое, што ёсьць бачнасьць выбараў. Зьмяншаўся ўзровень рэпрэсій, давалася нейкая свабода для агітацыі, распаўсюду інфармацыі. Нават назіральнікі маглі прыяжджаць. Вядома, былі фальсыфікацыі, злоўжываньні, але задача была зрабіць атмасфэру ўсё ж больш свабоднай, каб мець большую легітымнасьць. Цяпер такой задачы ня ставіцца. Адпрацоўваецца працэдура, якая выключна фармальная. Усе разумелі, што няма ніякіх спадзеваў спрабаваць нешта тут зьмяніць. Упершыню гэтая працэдура была адпрацаваная ў 2022 годзе на рэфэрэндуме, цяпер проста паўтораная. Новы фармат выбараў, калі ўжо фактычна выбары цалкам адмененыя. Гэта проста адміністратыўная працэдура, якую трэба рабіць, таму што прапісана ў Канстытуцыі. Але ніякага фліртаваньня з апанэнтамі, зь нейкімі правамі і дэмакратычнымі працэдурамі, не адбываецца. Фармат афармляўся з 2022 году, 2024 год дадае новых уласьцівасьцяў. Думаю, што такім жа чынам будуць праводзіць і ў 2025 годзе.

— Як вы мяркуеце, ці можа ён вызваліць хаця б частку палітвязьняў да выбараў 2025 году? Ці можа адбыцца хоць нейкае зьмякчэньне рэжыму?

— Гэта, на жаль, залежыць больш ад зьнешнепалітычнай каньюнктуры, чым ад унутрыпалітычнай. Думаю, што вызваленьне палітвязьняў будзе залежаць ад таго, наколькі будзе неабходнасьць усталёўваць стасункі з Захадам. Пакуль Расея гатовая інвэставаць бясконцую колькасьць фінансаў і іншых рэсурсаў у Беларусь, у адзінага саюзьніка, напэўна, цалкам гэтае пытаньне можна здымаць. Няма нейкай жыцьцёвай неабходнасьці паляпшаць стасункі з Захадам. Калі сытуацыя зьменіцца, рэсурсаў стане менш, зьменіцца сытуацыя на франтах ва Ўкраіне, то будуць адкрывацца вокны магчымасьцяў. Я, прынамсі, ня бачу іншых мэханізмаў, па якіх магло адбывацца нешта іншае.

Калі мы паглядзім на гісторыю Беларусі апошніх 30 гадоў, менавіта зьнешнепалітычны фактар быў адзіным фактарам, які мог, прынамсі, зьмяншаць узровень рэпрэсій, вызваляць палітвязьняў... Ня бачна ніякіх іншых стымулаў для дзейнай улады, каб гэта адбывалася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што яго ўладу нібыта падтрымліваюць 87% насельніцтва. Гэта больш, чым яўка на выбарах, якую агучыла ЦВК

— Тое, як улады будуць праводзіць выбарчую кампанію, больш-менш зразумела. Што могуць рабіць у такіх умовах дэмакратычныя сілы? Заклікаць ігнараваць выбары, як было цяпер? Спрабаваць нешта зрабіць? Для людзей у Беларусі ўдзел будзе азначаць турму. Ці ёсьць хаця б якія магчымасьці для ўдзелу ў выбарчай кампаніі на прэзыдэнцкіх выбарах для дэмакратычных сілаў унутры Беларусі?

— Пры захаваньні бягучых тэндэнцый — ня думаю, што ўдзел будзе. Зараз мы бачым, што стратэгія ўзятая на тое, каб не рэгістраваць усіх, хто нават проста зьяўляецца нейкім падазроным, нэўтральным, не зьвязаным зь дзейнай уладай. Тое самае можна рабіць на прэзыдэнцкіх выбарах. Сама схема адпрацаваная. Калі ня зьменіцца кантэкст, не пачнуцца нейкія істотныя зьмены, зьвязаныя са зьнешняй палітыкай, то асноўны фокус апазыцыі, дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасьці павінен быць накіраваны на інфармацыйную працу і проста на данясеньне абʼектыўнай інфармацыі пра тое, чым зьяўляецца гэтая працэдура. Гэта выканальны і рацыянальны прыярытэт для грамадзка-палітычнай працы ў бягучых абставінах.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.