Паводле ініцыятара стварэння групы сяброўства «Дэмакратычная Беларусь» у нямецкім Бундэстагу Робіна Вагенэра (партыя «зялёных», уваходзіць у кіроўную кааліцыю), як і сфальшаваныя прэзыдэнцкія выбары летам 2020 году, гэтыя «выбары» не зьяўляюцца ні сумленнымі, ні свабоднымі. Чарговы раз АБСЭ не было дазволена міжнароднае назіраньне, адзначыў Вагенэр.
Замест гэтага, заявіў дэпутат, Лукашэнка працягнуў беспрэцэдэнтную хвалю рэпрэсій напярэдадні «выбараў». Дэпутат нагадаў аб перасьледзе сваякоў палітвязьняў, якія атрымлівалі харчовую дапамогу, а таксама аб нядаўняй сьмерці палітвязьня Ігара Ледніка «праз недастатковую мэдычную дапамогу».
«Мы рашуча асуджаем бесчалавечныя дзеяньні беларускага рэжыму. Мы патрабуем безумоўнага і неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў, а таксама сумленных і свабодных выбараў у Беларусі. Наша падтрымка беларускага дэмакратычнага руху ёсьць і застаецца нязьменнай!» – напісаў Вагенэр у сетцы Х.
Група сяброўства «Дэмакратычная Беларусь» цьвёрда падтрымлівае Сьвятлану Ціханоўскую і дэмакратычныя сілы ў Беларусі. Арганізаваныя Лукашэнкам псэўдавыбары гэтага ня зьменяць, гаворыцца ў заяве.
- Дэпутат Бундэстагу Робін Вагенэр – сымбалічны «хросны» асуджаных з палітычных матываў журналіста Ігара Лосіка і ягонай жонкі Дар’і.