У другую гадавіну поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Аўстралія абвясьціла пра новы пакет санкцый у дачыненьні да Расеі, паведаміла МЗС краіны. У санкцыйны сьпіс трапілі тры прадпрыемствы і дзьве фізычныя асобы зь Беларусі.
«Фінансавыя санкцыі» і забарону на паездкі ў Аўстралію ўвялі супраць двух грамадзян Беларусі, якіх лічаць датычнымі да ўдзелу ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных рэгіёнаў Украіны:
- генсакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова,
- кіраўніка Беларускай чыгункі Ўладзімера Марозава.
Санкцыі ў дачыненьні да юрыдычных асобаў закранулі тры беларускія прадпрыемствы:
- холдынг «Гарызонт», адна з найбуйнейшых кампаній у Беларусі па вытворчасьці побытавой і прамысловай электронікі;
- ААТ «Волатаўта», якое спэцыялізуецца ў галіне стварэньня (мадэрнізацыі), вытворчасьці, рамонту, тэхнічнага абслугоўваньня ўзбраеньня і ваеннай тэхнікі;
- ААТ «Планар», навукова-тэхнічны комплекс, які займаецца распрацоўкай і пастаўкай спэцыялізаванага тэхналягічнага абсталяваньня для рэалізацыі тэхналёгіяў у мікраэлектроніцы.
У МЗС Аўстраліі падкрэсьлілі, што новыя санкцыі накіраваныя на «расейскія закупачныя сеткі ў Беларусі, Іране і Паўночнай Карэі».
Агулам у новы санкцыйны сьпіс трапілі 55 чалавек і 37 арганізацый, у асноўным з Расеі. Аўстралія ўвяла санкцыі ўсьлед за сваімі саюзьнікамі. Раней пра новыя абмежаваньні ў дачыненьні да Беларусі і Расеі аб’явілі ЗША, Вялікая Брытанія і Эўразьвяз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША наклалі пэрсанальныя санкцыі на службовых асобаў зь Беларусі за ўдзел у выкраданьні ўкраінскіх дзяцей ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз ухваліў прымеркаваны да другой гадавіны ўварваньня ва Ўкраіну 13-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія ўвяла новыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі