Рэжысэр Андрэй Новік расказаў, што спэктакль быў створаны ў траўні 2022 году, яго ўжо паказвалі на некалькіх міжнародных тэатральных фэстывалях. Цяперашні паказ прымеркаваны да другой гадавіны поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
«Гэта спэктакль-вэрбацім, расповеды рэальных людзей, якія перажылі першыя дні вайны. Спэктакль акторы граюць у бамбасховішчы (гэтым разам у сутарэньнях Музэю вольнай Беларусі). І гэта стварыў беларус Віталь Карабань, ён знаходзіўся ў гэты момант у Кіеве, зьбіраў матэрыялы ў самыя гарачыя дні. Тут і гісторыі ўцекачоў з Кіева і Віньніцы, і досьвед эміграцыі ў Румыніі і Нямеччыне, згадваюцца трагедыі Бучы і Марыюпалю», — расказаў Андрэй Новік.
У галоўных ролях — купалаўцы Ігар Сігоў і Валерыя Сігова, а таксама Максім Шышко, Аляксей Сапрыкін, Дар’я Новік, Марыя Пятровіч. Аўтар п’есы — Віталь Карабань, рэжысэр — Андрэй Новік, музычнае афармленьне Дарʼі Новік.
Спэктаклі можна паглядзець 24 і 25 лютага ў памяшканьні Музэю вольнай Беларусі ў Варшаве па адрасе: вуліца Foksal, 11. Пачатак а 19-й гадзіне. Спэктакль ідзе на ўкраінскай, беларускай і расейскай мовах з польскімі субтытрамі.
«„BY TEATR“ — гэта калектыў аднадумцаў розных дысцыплін, зьвязаных з творчасьцю, якім баліць беларуская культура», — кажа Андрэй Новік.
«Наша галоўная мэта — супрацоўніцтва з польскімі арганізацыямі і тэатрамі на іх пляцоўках, каб мы стваралі беларускую культуру, захоўвалі яе і паказвалі палякам, людзям, якія нас прынялі. Яшчэ наша задача — пераклад беларускіх твораў, у першую чаргу — п’есаў, на польскую і іншыя замежныя мовы.
У нас ужо ёсьць спэктаклі „Жнівень“, „Мора Хрысьціны“, „Галера“ (на польскай мове), „Замова“, якія ідуць на варшаўскіх тэатральных пляцоўках», — расказаў рэжысэр.