Вячорка і Лябедзька зь візытам у Кіеве, заплянавалі сустрэчы ў офісе Зяленскага, парлямэнце і ўрадзе Ўкраіны

Франак Вячорка. Ілюстрацыйнае фота

Галоўны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Францішак Вячорка і яе дарадца ў канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька 23 лютага прыбылі ў Кіеў з двухдзённым візытам.

«Прыехалі на запрашэньне Вярхоўнай Рады. Будзем сустракацца з прадстаўнікамі Офісу прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага, дэпутатамі Рады, а таксама з дэпутатамі эўрапейскіх парлямэнтаў, якія прыбылі ў Кіеў з нагоды другой гадавіны пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны», — паведаміў «Позірку» Францішак Вячорка.

Паводле яго, у плянах таксама сустрэча з байцамі палку імя Кастуся Каліноўскага, «якія змагаюцца за Ўкраіну, а значыць, і за Беларусь».

«Наш візыт прымеркаваны да гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны. Мы прыехалі выказаць салідарнасьць і падтрымку, а таксама пагаварыць аб магчымасьцях супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі і Ўкраінай», — сказаў галоўны дарадца Ціханоўскай, адзначыўшы, што гэта ня першы яго і Лябедзькі візыт у Кіеў.

«Ёсьць шэраг пытаньняў, якія трэба абмеркаваць і на ўзроўні ўраду, і на ўзроўні парлямэнту», — дадаў Вячорка. Ён выказаў удзячнасьць украінскім уладам за прызначэньне пасла для асаблівых даручэньняў МЗС Украіны па Беларусі.

«З амбасадарам Ігарам Кізімам мы бачыліся па дарозе ў Кіеў. Вельмі важна будаваць сяброўскія адносіны з Украінай, бо мы змагаемся супраць аднаго ворага. Спадзяёмся, што беларуска-ўкраінскія адносіны будуць аднаўляцца і паляпшацца», — заявіў суразмоўца.

Па зьвестках «Позірку», 24 лютага, у другую гадавіну пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі, ва Ўкраіне адбудзецца буйное міжнароднае палітычнае мерапрыемства, закліканае падтрымаць яе ў адбіцьці агрэсіі. Падрабязнасьці зь меркаваньняў бясьпекі пакуль трымаюцца ў сакрэце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне назвалі маніпуляцыйнай інфармацыю аб колькасьці ўкраінцаў, якія прыяжджаюць у Беларусь
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК дае рэкордныя лічбы яўкі на датэрміновым галасаваньні, у Барысаўскім раёне на ўчастках абяцаюць пернікі