Як зьмянілася за два гады ўспрыманьне вайны і перамогі сярод беларускіх добраахвотнікаў, пра што яны мараць і чаму радуюцца.
24 лютага 2022 году Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны. Вайна не спыняецца ўжо два гады.
Ад першых дзён вялікага канфлікту ў ім бяруць удзел і сотні беларускіх добраахвотнікаў, якія аб’ядналіся вакол розных фармаваньняў. Самым вялікім стаў полк імя Кастуся Каліноўскага, таксама беларусы ваююць у атрадзе спэцыяльнага прызначэньня «Тэрор», 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе, ІІ Інтэрнацыянальным легіёне, у групе «Танга-Рамэа» пры Інтэрнацыянальным легіёне ГУР, тактычнай групе «Афіна». Частка беларусаў ваюе ва ўкраінскіх і грузінскіх частках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі беларускіх добраахвотнікаў ваюе ва Ўкраіне і дзе. Абноўлены гайд па ўсіх фармаваньняхАд 2022 году ва Ўкраіне загінулі як мінімум 38 беларускіх ваяроў, больш за сотню былі параненыя. Па ацэнках Свабоды, ва Ўкраіне на сёньня ваюе больш за 400 беларускіх добраахвотнікаў. Агулам жа праз вайну ўжо прайшлі звыш тысячы беларусаў.
Свабода паразмаўляла з трыма беларусамі, каб дазнацца, як за гэтыя два гады памянялася іх стаўленьне да вайны і перамогі і ці зьмяніліся яны самі.
«Павал»: «Жаданьне зьнішчыць імпэрыю расьце»
Мінамётнік, ваюе з сакавіка 2022 году. Падразьдзяленьне папрасіў не пазначаць.
«Калі я ехаў на вайну, то думаў, што было б клясна выйсьці на межы Ўкраіны 1991 году. Цяпер жа я бачу, што ўсё маё далейшае жыцьцё будзе накіраванае на разбурэньне Расеі як дзяржавы, на разьдзел яе на дзясяткі малых краін. Толькі тады я зразумею, што Беларусь і краіны вакол будуць адчуваць сябе спакойна. Імпэрыя павінна перастаць існаваць.
Калі гэтага не адбудзецца, то Расея працягне прасоўваць свае наратывы фінансаваньнем, адкатамі, подкупам людзей. Усім тым самым брудным, што ёсьць у палітыцы. У іх няма рамак, яны выкарыстоўваюць усё — ад шантажу да карупцыі.
Я раней меркаваў, што пасьля выхаду Ўкраіны на межы 1991 году можна будзе вызваліць Беларусь. Цяпер я мысьлю далей. Мне раней здавалася, што ва Ўкраіне мы можам справіцца за год, цяпер жа разумею, што яшчэ патрэбна 2–3 гады. Потым — Беларусь. Мая «вайна» яшчэ будзе 7–8 гадоў.
Рамантыка для мяне скончылася дзесьці праз два месяцы. У той час і мазалі перасталі зьяўляцца, бо рукі сталі жалезнымі: ты ж увесь час капаеш (акопы. — РС). Калі хочаш жыць — трэба капаць.
Калі напачатку я разглядаў вайну як спрынт, то цяпер гэта маратон. Трэба эканоміць сілы, трымацца сярэдзінкі, каб дайсьці да фінішу.
Нават «пазыцыёнка» (пазыцыйная вайна. — РС) — гэта перамолваньне сілаў. Калі на нейкім участку вы зьнішчылі 20 расейцаў, то яны ня зьявяцца ў іншым месцы. Трэба сьціснуць зубы і малоць, малоць...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для вызваленьня Беларусі аднаго вайсковага кірунку мала», — кіраўнікі палку Каліноўскага пра мэты эўрапейскага турнэЯ ўвесь час успамінаю показку, якую мне аднойчы расказаў адзін пастар: «Госпадзе, дай мне, калі ласка, цярпеньня... і як мага хутчэй!». Я гэтую фразу сабе паўтараю ўвесь час, потым усьміхаюся і працягваю рабіць сваю манатонную працу.
Я не хачу страляць камусьці ў патыліцу, але гэтае жаданьне зьнішчыць імпэрыю ўсё расьце і расьце. Гэтая імпэрыя закідае пазыцыі «мясам». Для іх чалавечае жыцьцё нічога ня вартае. А эўрапейскі падыход — што чалавечае жыцьцё самае важнае ў сьвеце. Я часта кажу, што ніводзін акоп, ніводная пазыцыя ня вартая чалавечага жыцьця. А ў расейцаў усё наадварот.
На вайне і цяжка, і страшна. Малы «савок» ня можа перамагаць вялікі «савок». Таму мы зможам перамагчы толькі пасьля таго, як кардынальна перабудуемся, зьменім тактыку.
Я цяпер у вольны час за грошы трэнуюся ў стральбе з інструктарамі, ежджу на аматарскія спаборніцтвы. Я рыхтуюся да вельмі-вельмі доўгай гонкі.
Мне здаецца, я стаў больш дарослым. Ведаеш, як кажуць: «Я чую сказ ня хлопца, а мужчыны». Я магу прыехаць у Кіеў і сказаць: «Хлопцы, вы тут адбіліся ад рэальнасьці, вы не разумееце, што важна, а што — не». Усё павінна ісьці для «перадка», для фронту. Мы павінны жыць і працаваць для тых людзей, хто цяпер на пярэднім краі.
Калі нас абстрэльваюць, то я заўсёды думаю пра сына. Вельмі цаню любую магчымасьць пабыць зь ім, хоць пару хвілін паразмаўляць празь відэасувязь.
Іншае важнае правіла — не эканоміць на рыштунку. Нават калі нейкая штука дасьць 1% лішні для выжываньня, то гэта трэба скарыстаць».
«Туз»: «Разуменьне „перамогі“ зьмянілася»
Снайпэр, ваяваў з сакавіка 2022 году, потым звальняўся. У верасьні 2023 году вярнуўся на фронт. Ваюе ў 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе.
«Я разумеў, што вайна — гэта ня нешта добрае. Я разумеў, што там паміраюць людзі, што гэта не галівудзкі бляск. Але ўнутры ўсяго гэтага ты больш дасканала разумееш, як нешта працуе ці не працуе. Вайна — гэта ня толькі тое, што пішуць у загалоўках навінаў, унутры ўсё зусім інакш.
Цяпер я амаль увесь час праводжу блізка да лініі судакрананьня з ворагам. У сакавіку 2022 году я ня так шмат бачыў. Усю інфармацыю тады я атрымліваў ад іншых хлопцаў. Нават сама вайна тады была зусім іншая.
Тады ўсё было больш актыўна: узялі адну вёску, другую. Цяпер жа зьмены на лініі фронту адбываюцца вельмі рэдка. Пры гэтым вельмі шмат агню, перастрэлак, загінулых.
Раней я бачыў, як вызваляліся ўкраінскія тэрыторыі. Нават калі гінулі людзі, то я разумеў, дзеля чаго гэта адбываецца. Цяпер жа, мне здаецца, ёсьць адчуваньне з абодвух бакоў, што людзі проста гінуць. А дзеля чаго, наагул незразумела. На лініі фронту здаецца, што нічога не мяняецца, апроч таго, што гінуць людзі.
Маё разуменьне «перамогі» таксама зьмянілася. Калі мы ўспамінаем 2022 год, калі былі актыўныя фазы, то ва ўкраінскай арміі былі бачныя добрыя перамогі — Херсон, харкаўскі кірунак. Мы бачылі малыя і вялікія перамогі. Цяпер у навінах мы чытаем, як у расейскім флёце адзін за адным тонуць караблі, пра ўдары ў тылавых частках. А ў прыфрантавой зоне мы кожны дзень пад абстрэламі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Многія страты на вайне — ад чалавечых памылак». Гутарка з намесьнікам камандзіра батальёну «Літвін»Перамогай сёньня выглядае прыпыненьне баявых дзеяньняў. Ёсьць адчуваньне, што ніводзін з бакоў ня ў стане пераламіць сытуацыю ў вайне.
Мне, вядома, хочацца верыць, што ў Расеі нешта здарыцца падчас выбараў, што Пуціна зрынуць, але ўпэўненасьці ў гэтым няма. Я сачу, як там зьяўляліся кандыдаты ў прэзыдэнты, якіх не рэгістравалі. Не разумею, ці выклікае сьмерць Навальнага хоць нейкую незадаволенасьць і пратэсты ў Расеі.
У 2022 годзе Ўкраіна здавалася больш падрыхтаванай, зьяўлялася новая зброя. Я думаў, што сотню-другую тысяч расейцаў перамелем — і людзі ў Расеі зразумеюць, што гэта зусім не сьвятая вайна. А цяпер і ў Расеі, і ва Ўкраіне прывыклі да вайны. Ёсьць і ёсьць, як калісьці з каранавірусам.
Можа гэта пэсымізм, а можа рэалізм. Мне хочацца верыць, што я ня моцна зьмяніўся. У нейкіх пытаньнях я стаў больш упэўнены ў сабе, чым гэта было ў 2020 годзе падчас пратэстаў. Тады я, як і большасьць, хаваўся, уцякаў. Сёньня я бачу шмат непрыемных і жудасных рэчаў, і нейкі АМАП цяпер ужо не такі страшны, як раней.
Я стаў больш патрабавальным. Людзі, якія вакол мяне сёньня, павінны быць адказнымі нават у дробных пытаньнях. Бо ад гэтага можа залежаць жыцьцё тваё і тваіх пабрацімаў.
Хочацца верыць, што больш жорсткім я ня стаў. Я разумею, што ёсьць нейкае разьмежаваньне між вайной і цывільным жыцьцём. І гэта зусім розныя рэчы».
«Альгерд»: «Каб не стамляцца ад вайны, гляджу сэрыялы»
Мінамётнік, ваюе ад лютага 2022 году. Цяпер у складзе батальёну «Ліцьвін» палку імя Кастуся Каліноўскага.
«Маё разуменьне вайны за два гады не зьмянілася. Усё тое, што я бачыў у 2022 годзе, я бачу і сёньня. І ўяўленьні мае адносна гэтага не мяняюцца.
Магчыма, нехта і ўяўляў вайну як нешта рамантычнае, але ў мяне асабіста такога ніколі не было. Я даўно ведаў і разумеў, што вайна — гэта кроў, бруд, чалавечыя страты. А з другога боку — гераізм.
Калі думаць увесь час пра вайну, жыць ёю, не адпачываць, то гэта вельмі цяжка. Мне таксама цяжка, але калі мы ня будзем рабіць гэтую справу, то хто будзе? Я лічу, што гэта вайна і беларусаў.
Я асабіста, каб моцна не стамляцца ад вайны, у вольны час працягваю займацца любімымі справамі: вайсковай рэканструкцыяй, праглядам улюбёных сэрыялаў. Цяпер гляджу «Дзяцінства Шэлдана» — гэта прыквэл да «Тэорыі вялікага выбуху». Там ёсьць і камэдыйны складнік, і драма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра сьмерць на вайне думаеш толькі першы месяц». Добраахвотнік «Туз» пра Ўкраіну і перамогуПра вайну фільмы і сэрыялы таксама гляджу. Мне цікава паглядзець на вайну з кіношнага боку, ці праўдзіва яна паказваецца. Магу параіць клясычную стужку «Выратаваньне шарагоўца Раяна» — там клясна паказаныя і сьмерці пабрацімаў, і цяжкасьці. Яшчэ раю сэрыялы «Браты па зброі» Тома Хэнкса і Стывэна Сьпілбэрга і «Ціхі акіян» (пра вайну ЗША зь Японіяй).
У сілу аб’ектыўных прычын перамога расьцягнулася, але гэта ня наша віна. Перамога будзе празь зьнішчэньне вайсковага і эканамічнага патэнцыялу Расеі. У Крамля ня будзе больш сродкаў на ўтрыманьне рэжыму Лукашэнкі. Тады і зьявіцца магчымасьць вызваліць Беларусь.
Першапачаткова я думаў, што вайна скончыцца хутчэй — максымум за два гады. Цяпер жа бачу, што як мінімум год вайна будзе яшчэ. Я ніколі не казаў і ня думаў, што вораг слабы. Ён моцны, вучыцца, ён можа сабе дазволіць зьнішчаць чалавечыя рэсурсы. Ніхто ня думаў, што гэта будзе лёгкай прагулкай.
Мне здаецца, я стаў менш эмпатычны за гэтыя два гады. Раней мяне вельмі краналі навіны пра нейкі прылёт ці зьнішчаны дом, цяпер жа так востра не ўспрымаецца ўсё. Гэта ўсё стала рутынай.
Я не перагледзеў за гэты час сыстэмы сваіх каштоўнасьцяў. Хіба што крыху болей стаў цаніць жыцьцё».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне адзінага выцягнулі з-пад завалаў у Бахмуце». Аповед беларускага добраахвотніка «Нёмана»Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.