Хрэнін расказаў аб колькасьці ўкраінскіх войскаў на мяжы зь Беларусьсю і абяцаў зьбіваць авіяцыю NATO

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін. Архіўнае фота

Міністар абароны Беларусі мяркуе, што сытуацыя не патрабуе «нарошчваньня дадатковых вайсковых сіл Беларусі на мяжы з Украінай».

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што ля мяжы зь Беларусьсю Ўкраіна нібыта сканцэнтравала да 114 тысяч вайскоўцаў.

Пры гэтым дзяржаўнае агенцтва БелТА, як і праграма «Вести» Расейскай тэлевізіі, назвалі гэтую колькасьць «ударнай групоўкай».

«На сёньня — каля 112-114 тысяч. Зь іх для непасрэднай аховы ўкраінска-беларускай мяжы залучаюць каля 17 тысяч», — працытавала Віктара Хрэніна агенцтва БелТА,

Паводле яго, такая сытуацыя не патрабуе «нарошчваньня дадатковых вайсковых сіл Беларусі на мяжы з Украінай».

Віктар Хрэнін таксама паведаміў, што з жніўня 2023 году зафіксавана шэсьць парушэньняў дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы.

«Мы на ўсе парушэньні рэагуем. Калі патрэбна — падымаецца наша баявая авіяцыя, прыводзяцца адпаведна ступені гатоўнасьці зэнітна-ракетныя войскі. Калі ўжо зусім страчаныя тармазы зь іхнага боку, вядома, мы будзем зьбіваць, цырымоніцца ня будзем», — сказаў Віктар Хрэнін.

Міністар абароны Беларусі заявіў, што беларускі бок пільна сочыць за вучэньнямі NATO, якія пачаліся 31 студзеня і прадоўжацца да 31 траўня.

«Фіксуем актыўнае перамяшчэньне. Задачу галоўнакамандуючы паставіў — не праспаць. Бо пад выглядам вучэньняў могуць ствараць ударныя групоўкі. Гэта самая галоўная для нас задача — бачыць, ствараюць такія групоўкі ці не», — сказаў ён.

Паводле яго, у межах вучэньняў NATO цяпер ствараюць групоўкі войскаў.

«На якія палігоны яны прыходзяць, іх склад — пільна ацэньваем і назіраем далей. Калі гэта сапраўды пачне ператварацца на стварэньне больш магутных груповак або яшчэ нечага, будзе рэакцыя ў адказ з нашага боку», — падкрэсьліў Віктар Хрэнін.

Міністар абароны Беларусі таксама паведаміў, што вучэньні супольнай з Расеяй рэгіянальнай групоўкі адбудуцца на беларускай тэрыторыі ў 2025 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаліся найбуйнейшыя з часоў халоднай вайны вайсковыя вучэньні NATO ўздоўж межаў з Расеяй і Беларусьсю

31 студзеня ўздоўж межаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны пачаліся вайсковыя вучэньні NATO, якія працягнуцца да 31 траўня.

У вайсковых вучэньнях Steadfast Defender 2024, у часе якіх плянуюць удасканаліць абарончыя пляны NATO ва ўмацаваньні эўрапейскай бясьпекі ад патэнцыйнага праціўніка, бяруць удзел каля 90 000 вайскоўцаў з усіх краін Паўночна-атлянтычнага альянсу.

Вучэньні будуць праходзіць да 31 траўня ў два этапы: на першым этапе ў цэнтры ўвагі будзе марское ўмацаваньне праз Атлянтыку і ў Арктыцы, а на другім, які будзе адбывацца зь сярэдзіны лютага да канца траўня, — умацаваньне абароны ва ўсіх сфэрах ад Арктыкі да ўсходняга флянгу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фрыдман: Лукашэнка рыхтуе беларусаў да найгоршага

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.