Кіраўнік NATO сказаў, што вывад украінскіх сіл з Аўдзееўкі пасьля некалькіх месяцаў інтэнсіўных баёў дэманструе неабходнасьць дадатковай вайсковай дапамогі, «каб гарантаваць, што Расея ня зробіць далейшых посьпехаў».
Енс Столтэнбэрг згадаў сьмерць Навальнага ў арктычнай турме 16 лютага пры падазроных абставінах. Улады кажуць, што пройдзе яшчэ два тыдні, перш чым цела могуць перадаць сям'і.
«Я цьвёрда перакананы, што найлепшы спосаб ушанаваць памяць Аляксея Навальнага — гэта пераканацца, што прэзыдэнт Пуцін ня выйграе на полі бітвы, а пераможа Ўкраіна», — сказаў Столтэнбэрг у інтэрвію Радыё Свабода, поўная вэрсія якога будзе апублікаваная на 23 лютага.
Столтэнбэрг сказаў, што хаўрусьнікі Ўкраіны сканцэнтраваныя на пакеце вайсковай дапамогі ЗША на 61 мільярд долараў, але пакуль ён застаецца ў тупіку ў Палаце прадстаўнікоў ЗША, іншыя краіны, у тым ліку Швэцыя, Канада і Японія, павялічылі сваю дапамогу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі філёзаф Фрэнсіс Фукуяма: Расея ў выпадку паразы Ўкраіны пачне ціснуць на ЭстоніюШвэцыя абвясьціла аб сваім 15-м пакеце дапамогі і самым вялікім на сёньняшні дзень пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі два гады таму. Пакет коштам 7,1 мільярда швэдзкіх крон (684 мільёны даляраў) уключае, сярод іншага, баявыя катэры, міны, артылерыйскія боепрыпасы і сродкі супрацьпаветранай абароны, паведаміў міністар абароны Швэцыі.
Міністэрства абароны Канады заявіла 19 лютага, што паскорыць пастаўку больш як 800 бесьпілётнікаў, дадаўшы ў заяве, што дроны сталі найважнейшым сродкам для Ўкраіны ў вайне. Яны будуць каштаваць больш за 95 мільёнаў канадзкіх даляраў (70 мільёнаў даляраў ЗША) і зьяўляюцца часткай абвешчанага раней пакету вайсковай дапамогі Ўкраіне. Пастаўкі пачнуцца ўжо гэтай вясной, гаворыцца ў паведамленьні.
Дадатковая дапамога з Токіё складае 106 мільёнаў даляраў ЗША на аднаўленьне Ўкраіны пасьля вайны, у тым ліку ў такіх сфэрах, як разьмінаваньне і інфраструктура.
«Вядома, мы сканцэнтраваныя на Злучаных Штатах, але мы таксама бачым, як іншыя хаўрусьнікі сапраўды актывізуюцца і аказваюць значную падтрымку Ўкраіне», — сказаў Столтэнбэрг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн зьвязаў захоп Аўдзееўкі расейскімі войскамі зь бязьдзейнасьцю Кангрэсу і заклікаў яго ўхваліць дапамогу ЎкраінеНа пытаньне аб тым, калі Ўкраіна зможа разгарнуць зьнішчальнікі F-16, Столтэнбэрг сказаў, што гэта немагчыма сказаць. Ён паўтарыў, што ўсе саюзьнікі Украіны жадаюць, каб яны былі там як мага раней, але сказаў, што эфэкт ад F-16 будзе мацнейшым, калі пілёты, экіпажы тэхнічнага абслугоўваньня і іншы дапаможны пэрсанал будуць добра падрыхтаваныя.
«Такім чынам, я думаю, што мы павінны прыслухацца да вайсковых экспэртаў менавіта тады, калі мы будзем гатовыя або калі саюзьнікі будуць гатовыя пачаць адпраўку і дастаўку F-16, — сказаў ён. — Чым раней, тым лепш».
Кожны хаўрусьнік будзе вырашаць, ці пастаўляць F-16 ва Ўкраіну, і саюзьнікі маюць розную палітыку, сказаў Столтэнбэрг. Але ў той жа час вайна ва Ўкраіне зьяўляецца захопніцкай, сказаў ён, і Ўкраіна мае права на самаабарону, у тым ліку наносіць удары па законных расейскіх вайсковых абʼектах за межамі Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вайна ва Ўкраіне — гэта велізарны правал. Як і вайна ў Ізраілі», — брытанскі аналітык Эдвард ЛукасАдказваючы на пытаньне пра пэрспэктыву былога прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа вярнуцца ў Белы дом, Столтэнбэрг сказаў, што ён верыць, што, незалежна ад вынікаў выбараў у ЗША сёлета, Злучаныя Штаты застануцца адданым саюзьнікам па NATO, бо гэта ў інтарэсах бясьпекі ЗША.
Столтэнбэрг сказаў, што Злучаныя Штаты больш бясьпечныя і мацнейшыя разам з больш як 30 саюзьнікамі — чаго няма ні ў Кітая, ні ў Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі заўтра вайна... Як Пуцін можа напасьці на ЭўропуВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.