ЗША анансавалі буйны пакет антырасейскіх санкцый у сувязі са сьмерцю Навальнага

Партрэт Аляксея Навальнага ў мэмарыяле яго памяці

Злучаныя Штаты анансавалі буйны пакет санкцыяў супраць Расеі ў сувязі са сьмерцю ў расейскай калёніі апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага і двухгадовай вайной ва Ўкраіне.

Аб захадах, як чакаецца, будзе абвешчана 23 лютага, паведаміў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, размаўляючы з журналістамі падчас паездкі ў Каліфорнію. Падрабязнасьцяў Байдэн не прывёў, адзначае Reuters.

Раней аб падрыхтоўцы санкцый паведаміў прадстаўнік Белага дома ў нацыянальнай бясьпецы Джон Кірбі, таксама пакуль без падрабязнасьцяў. Анансуючы меры, Кірбі падкрэсьліў, што Злучаныя Штаты патрабуюць ад Расеі поўнай празрыстасьці ў тлумачэньні абставін гібелі Аляксея Навальнага ў папраўчай калёніі на Ямале.

«Якую б гісторыю ні вырашыў расказаць сьвету расейскі ўрад, відавочна, што адказнасьць за сьмерць Навальнага нясуць прэзыдэнт Пуцін і яго асяродзьдзе», — сказаў Кірбі, дадаўшы, што ў адсутнасьць дакладнага расьсьледаваньня абставін сьмерці расейскага апазыцыянэра таму, што гавораць расейскія ўлады, давяраць нельга.

Кірбі дадаў, што пасольства ЗША ў Маскве спрабуе атрымаць больш інфармацыі аб сьмерці Навальнага, перадае «Голас Амэрыкі».

Аб сьмерці Навальнага расейскія ўлады аб’явілі 16 лютага. Па іх вэрсіі, апазыцыянэр, які адбываў пакараньне ў калёніі асаблівага рэжыму «Палярны воўк», памёр удзень пасьля прагулкі. За некалькі дзён да сьмерці яго 27-ы раз адправілі ў ШЫЗА зь яшчэ больш жорсткімі ўмовамі ўтрыманьня, чым у звычайных камэрах.

Прыхільнікі апазыцыйнага палітыка лічаць, што яго забілі. Родным да гэтага часу ня выдалі і не паказалі цела Навальнага. Удава Навальнага Юлія паабяцала працягваць справу мужа.

Амэрыканскі прэзыдэнт Джо Байдэн усклаў адказнасьць за гібель Навальнага на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паліна ў такіх жа ўмовах, як Навальны». Як адрэагавалі на гібель Навальнага беларускія палітвязьні і іх родныя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я працягну справу Аляксея», — Юлія Навальная выпусціла відэазварот пасьля сьмерці мужа ў калёніі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі паведамілі пра сьмерць палітвязьня Навальнага ў калёніі. Што вядома цяпер