У Беластоку, Кракаве і Варшаве адбыліся акцыі памяці Ігара Ледніка. Некалькі дзясяткаў чалавек у кожным зь іх успомнілі палітвязьня, які меў праблемы з сэрцам яшчэ да палітычна матываванага прысуду, а цяпер памёр у шпіталі, куды яго даставілі з турмы.
Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Ледніка затрымалі 12 красавіка 2022 году і асудзілі на 3 гады зьняволеньня паводле арт. 367 за нібыта паклёп на Лукашэнку ў ягонай публікацыі ў партыйным часопісе БСДП «Пазыцыя».
У турме стан яго здароўя істотна пагоршыўся, яму зрабілі апэрацыю на страўнікава-кішачным тракце. Апроч гэтага, Ігар меў інваліднасьць 2-й групы з прычыны праблем з сэрцам.
Профіль Ігара Ледніка ў «Фэйсбуку» ўлады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Як пішуць аднапартыйцы, Ігар Леднік актыўна выступаў за ліквідацыю «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі і лічыў, што Будапэшцкі мэмарандум быў парушаны ў Беларусі пасьля разгону Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, што прывяло да ўсталяваньня ў Беларусі дыктатуры, збліжэньня яе з Расеяй і падрыву эўрапейскай бясьпекі ў рэгіёне.