У Эстоніі арыштавалі групу асоб, якіх падазраюць у працы на спэцслужбы Расеі

Будынак ураду Эстоніі. Ілюстрацыйнае фота

Са сьнежня па люты ў Эстоніі затрымалі 10 падазраваных у дзейнасьці на расейскія спэцслужбы.

Сярод іх і тыя, каго падазраюць у тым ліку ў тым, што яны разьбілі шыбы ў машынах міністра і журналіста. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе паліцыі бясьпекі краіны.

Усяго было затрымана 10 чалавек, іх імёны не называюцца, удакладняецца толькі, што сярод падазраваных ёсьць як грамадзяне Расеі, так і грамадзяне Эстоніі.

Паводле вэрсіі сьледзтва, затрыманыя ўдзельнічалі ў «гібрыднай апэрацыі» супраць бясьпекі Эстоніі, мэтай якой было «пасеяць страх і стварыць напружанасьць у эстонскім грамадзтве». У прыватнасьці, яны зьбіралі інфармацыю для падрыхтоўкі тэрактаў на заказ расейскіх спэцслужбаў. У прэс-рэлізе гаворыцца, што некаторыя зь іх нават рэалізаваныя:

«Расейскія спэцслужбы гадамі спрабавалі стварыць напружанасьць у Эстоніі рознымі спосабамі. Зьвесткі, сабраныя ў рамках крымінальнага вядзеньня, сьведчаць аб тым, што расейскія спэцслужбы каардынавалі гібрыдную апэрацыю супраць бясьпекі Эстонскай Рэспублікі з удзелам затрыманых падазраваных. Наколькі вядома Службе ўнутранай бясьпекі Эстоніі, яе мэтай было пасеяць страх і стварыць напружанасьць у эстонскім грамадзтве».

Расейскія ўлады не камэнтуюць гэтай інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія папярэдзіла расейцаў аб магчымым закрыцьці мяжы з РФ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны Балтыі ўручылі ноты пратэсту расейскім паслам пасьля інфармацыі пра вышук высокапастаўленых палітыкаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонская выведка заявіла, што Расея фармуе вакол Эстоніі наступальны патэнцыял