Прэтэндэнт на ўдзел у выбарах прэзыдэнта ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп упершыню пракамэнтаваў сьмерць расейскага палітыка Аляксея Навальнага.
«Раптоўная сьмерць Аляксея Навальнага прымусіла мяне ўсё больш і больш усьвядоміць, што адбываецца ў нашай краіне», — напісаў Дональд Трам у сацыяльнай сетцы Truth.
«Гэта павольны, няўхільны рух уніз, калі радыкальна левыя ПАЛІТЫКІ-ЖУЛІКІ, пракуроры і судзьдзі вядуць нас па шляху разбурэньня. Адкрытыя межы, фальсыфікаваныя выбары і несправядлівыя рашэньні судоў зьнішчаюць АМЭРЫКУ. МЫ — НАЦЫЯ Ў ЗАНЯПАДЗЕ, НАЦЫЯ-БАНКРОТ!», — перакананы Трамп.
Як паведаміў «Голас Амэрыкі», Трамп не ўдакладніў свае аналёгіі паміж ЗША і сьмерцю Навальнага. Расейскі палітык цягам шматлікіх гадоў змагаўся супраць карупцыі ў пуцінскай Расеі, дзе кіруюць «жулікі і злодзеі».
На мінулым тыдні Дональд Трамп выступіў супраць рашэньня судзьдзі, які абавязаў яго выплаціць 355 мільёнаў даляраў у якасьці штрафу за завышэньне чыстага кошту свайго капіталу з мэтай падману крэдытораў і назваў гэтае рашэньне палітычна матываваным. Трамп рыхтуецца да чатырох крымінальных працэсаў, адначасова дамагаючыся вылучэньня кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі на маючых адбыцца выбарах прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі за два дні на акцыях памяці Навальнага затрымалі больш за 400 чалавекПрэзыдэнт Джо Байдэн, як і галоўная суперніца Трампа ад рэспубліканцаў Нікі Гэйлі, прама абвінавацілі Ўладзіміра Пуціна ў сьмерці Навальнага. Колішнія прэзыдэнты ЗША і высокапастаўленыя сябры Кангрэсу ад абедзьвюх партый таксама асудзілі Ўладзіміра Пуціна. Трамп захоўваў маўчаньне да 19 лютага.
У часе свайго прэзыдэнцтва ў 2017–2021 гадах Трамп выказваў захапленьне Пуціным. У 2018 годзе ён адмовіўся абвінаваціць расейскага лідэра ва ўмяшаньні ў амэрыканскія выбары 2016 году і паставіў пад сумнеў высновы ўласных выведных службаў, чым выклікаў крытыку ўнутры краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародныя рэакцыі на сьмерць Навальнага: «Мы ашаломленыя»Былая губэрнатар Паўднёвай Караліны Нікі Гэйлі, якая 24 лютага будзе супрацьстаяць Дональду Трампу на праймэрыз у гэтым штаце, назвала ягоную рэакцыю непатрыятычнай.
«Дональд Трамп мог бы асудзіць Уладзіміра Пуціна за тое, што той зьяўляецца крыважэрным забойцам. Трамп мог бы пахваліць мужнасьць Навальнага», — напісала яна на плятформе X. Замест гэтага, паводле яе, экс-прэзыдэнт асудзіў Амэрыку і параўнаў яе з Расеяй. Яна таксама заявіла, што Трамп «стаў на бок дыктатара, які забівае сваіх палітычных апанэнтаў».
Ліз Чэйні, намесьніца старшыні камісіі Кангрэсу, якая расьсьледуе штурм Капітолію 6 студзеня 2021 году, у мінулым дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ЗША ад рэспубліканцаў, нагадала аб частых абяцаньнях Трампа «расправіцца» з палітычнымі апанэнтамі, калі ён вернецца да ўлады.
«Тое, што Ўладзімір Пуцін зрабіў з Навальным, — гэта тое, як выглядае адплата ў краіне, дзе лідэр не падпарадкоўваецца вяршэнству закону», — заявіла Чэйні ў 18 лютага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці Навальнага зноў ня выдалі цела палітыка і сказалі, што гэта адбудзецца не раней, чым праз 14 дзён- Расейскія ўлады паведамілі пра раптоўную сьмерць Навальнага ў калёніі 16 лютага.
- Тады ж паведамленьні пракамэнтавалі лідэры краінаў Захаду. Многія зь іх, акрамя выказваньня спачуваньняў, таксама ўсклалі адказнасьць за сьмерць апазыцыянэра на расейскія ўлады і асабіста прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, падкрэсьліўшы, што Навальны спачатку быў атручаны, меркавана на загад расейскіх уладаў, а потым, па вяртаньні ў Расею, кінуты за краты за сваю апазыцыйную дзейнасьць.
- Краіны «групы сямі» заклікалі Маскву старанна расьсьледаваць і апублікаваць акалічнасьці гібелі палітыка.
- З моманту, калі ўпраўленьне службы выкананьня пакараньняў Расеі па Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе паведаміла пра сьмерць Аляксея Навальнага, у Сьледчы камітэт Расеі накіравалі 46 464 запыты аб выдачы цела палітыка сваякам.
- У морг Салехарда, дзе павінна знаходзіцца яго цела, не пускаюць маці і адвакатаў Аляксея Навальнага. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка палітыка Кіра Ярмыш.
- Расьсьледаваньне абставінаў гібелі Навальнага падоўжылі; колькі яно працягнецца, невядома, пра гэта маці палітыка паведамілі ў Сьледчым камітэце Расеі.
- «Прычына сьмерці пакуль „нявызначаная“. Хлусяць, марнуюць час і нават не хаваюць гэтага», — напісала прэс-сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш.
- Як адзначае «ОВД-Инфо», працэсуальная праверка Сьледчага камітэту па факце сьмерці Навальнага дазваляе адтэрмінаваць выдачу яго цела сваякам на 30 дзён. Калі завядуць крымінальную справу, труп могуць не аддаваць і даўжэй.
- Раней «Медиазона» публікавала відэа з камэр відэаназіраньня, усталяваных на пераезьдзе паміж Лабытнанга і Салехардам, у ноч на 17 лютага камэры фіксавалі рух картэжа ФСІН па пераезьдзе. Па словах журналістаў, знойдзенае імі відэа сьведчыць аб тым, што цела Навальнага спэцыяльна хавалі ад сваякоў.