Датэрміновае галасаваньне на выбарах дэпутатаў пачалося 20 лютага ў Беларусі, паведаміла Цэнтральная выбарчая камісія.
Участкі для галасаваньня працуюць з 12:00 да 19:00 безь перапынку на абед. Афіцыйнага пацьверджаньня прычын, чаму выбарнік ня можа прагаласаваць у асноўны дзень правядзеньня выбараў, не патрабуецца.
Увечары 20 лістапада ў ЦВК заявілі, што яўка выбарнікаў у першы дзень датэрміновага галасаваньня склала 5,94%. Паводле ЦВК, найбольш тых, хто прагаласаваў датэрмінова, — у Магілёўскай вобласьці (6,67%), за ёй — Менская вобласьць (6,33%), Берасьцейская (6,13%), Менск (6,19%), Віцебская вобласьць (6,11%), Гомельская (5,72%) і Горадзенская (4,02%).
Для параўнання: яўка ў першы дзень датэрміновага галасаваньня на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах у 2019 годзе, згодна з інфармацыяй ЦВК, склала 4,69%, у 2016 годзе — 3,92%, у 2012-м — 3%, у 2008-м — 2,7%, у 2004-м — 2,68%.
На прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году ЦВК называў лічбу 4,98%, 2015-га — 4,49%, 2010-га — 3,4%, 2006-га — 3%, 2001-га — 2,3%.
Як паведаміла кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары», у першы дзень галасаваньня многіх асуджаных да абмежаваньня волі ва ўстановах адкрытага тыпу Горадзенскай вобласьці арганізавана пасадзілі ў транспарт і адвезьлі галасаваць на бліжэйшыя выбарчыя ўчасткі, хаця ўсе «хімікі» маюць працу і ім было б зручней прагаласаваць у асноўны дзень галасаваньня.
Таксама «Праваабаронцы за свабодныя выбары» заўважылі, што «Сьветлагорскія навіны» рапартуюць аб актыўным удзеле моладзі ў датэрміновым галасаваньні. У якасьці ілюстрацыі прыводзяць «сьвядомы» выбар выпускніка Сьветлагорскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжу, камандзіра студэнцкага атраду «Сокал» Яўгена Карпушэнкі. Ён галасаваў на выбарчым ўчастку № 7, разьмешчаным у СШ № 5 г. Сьветлагорску.
«Для Яўгена Карпушэнкі цяперашняя выбарчая кампанія першая. Паводле яго, ён з усёй сур’ёзнасьцю падышоў да выбару кандыдатаў, якія будуць адстойваць інтарэсы жыхароў рэгіёну на ўсіх узроўнях прадстаўнічай улады», — піша раёнка.
Карпушэнку павіншавала першая сакратарка раённага камітэту БРСМ Яна Ніцыеўская і паднесла памятны падарунак. Падарункі таксама былі прадугледжаныя і для іншых выбарнікаў, якія ўпершыню прыйшлі на выбарчы ўчастак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масавае галасаваньне «хімікаў», тайныя сьпісы «нядобранадзейных»: праваабаронцы пра датэрміновае галасаваньне на ГорадзеншчынеБюлетэні выдаюцца выбарнікам па прад’яўленьні пашпарта, ідэнтыфікацыйнай карты, біямэтрычнага пашпарта, вайсковага білета (для вайскоўцаў тэрміновай службы), службовага пасьведчаньня работніка дзяржаўнага органа (арганізацыі), правоў кіроўцы. Прагаласаваць можна таксама, паказаўшы пэнсійнае пасьведчаньне, пасьведчаньне інваліда (пры наяўнасьці фатаздымка), студэнцкі або вучнёўскі білет.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская міліцыя перайшла на ўзмоцнены перад выбарамі парадак нясеньня службыКалі падчас запаўненьня бюлетэня выбарнік дапусьціў памылку або сапсаваў бюлетэнь, ён можа зьвярнуцца да сяброў участковай выбарчай камісіі і атрымаць новы бюлетэнь для галасаваньня. Але такім правам выбарнік можа скарыстацца толькі адзін раз.
Раней улады забаранілі фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня для галасаваньня. Сілавікі напярэдадні правялі тактыка-спэцыяльныя заняткі, на якіх практыкаваліся затрымліваць тых, хто фатаграфуе выбарчыя бюлетэні, а таксама разганяць чэргі выбарнікаў ля выбарчых участкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоўны мэсыдж кандыдатаў на выбарах: калі не Лукашэнка, то вайна», — Тацяна АшуркевічВыбарнікі, якія жадаюць прагаласаваць не па месцы рэгістрацыі, а па месцы фактычнага пражываньня, маюць права зьвярнуцца ва ўчастковую выбарчую камісію па месцы пражываньня да 24 лютага. Пры гэтым трэба ўлічваць, што грамадзянін можа быць уключаны ў сьпіс выбарнікаў па месцы пражываньня на падставе пашпарта і пры наяўнасьці дакумэнту, які пацьвярджае пражываньне на тэрыторыі ўчастку для галасаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі»Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024
- 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
- Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
- Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
- Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
- Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
- Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
- Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
- Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
- Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
- Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
- Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.