Два гады таму
20 лютага 2022 году на тэрыторыі Беларусі завяршыліся расейска-беларускія вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022». Але вываду расейскіх войскаў зь беларускай зямлі не адбылося. Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што «ў сувязі з нарастаньнем ваеннай актыўнасьці ля вонкавых межаў саюзнай дзяржавы і абвастрэньнем сытуацыі на Данбасе» Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка вырашылі працягнуць «праверку сіл рэагаваньня саюзнай дзяржавы».
Дзень у гісторыі
1530 — дзевяцігадовы вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст каранаваны на польскага караля.
1918 — у Менску створаны Народны сакратарыят, першы ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі.
1922 — Сэйм Сярэдняй Літвы прыняў рашэньне аб далучэньні яе да Польшчы.
1981 — адкрылася Полацкая мастацкая галерэя.
1988 — пазачарговая сэсія абласнога Савету дэпутатаў Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці (НКАВ) прыняла рашэньне «Аб хадайніцтве перад Вярхоўным Саветам Азэрбайджанскай ССР і Армянскай ССР аб перадачы НКАВ са складу АзССР у склад АрмССР» (пачатак карабаскага канфлікту).
2009 — упершыню адзначаны Ўсясьветны дзень сацыяльнай справядлівасьці, абвешчаны рэзалюцыяй Генэральнай асамблеі ААН ад 18 сьнежня 2007 году. У рэзалюцыі прызнаная неабходнасьць далей нарошчваць намаганьні міжнароднай супольнасьці ў галіне выкараненьня галечы, забесьпячэньня поўнай занятасьці, годнай працы, раўнапраўя мужчын і жанчын, сацыяльнага дабрабыту і сацыяльнай справядлівасьці для ўсіх.
У гэты дзень нарадзіліся
1889 — Фёдар Турук, беларускі гісторык і грамадзкі дзяяч.
1897 — Васіль Шаранговіч, савецкі партыйны дзяяч.
1922 — Міхаіл Цікоцкі, беларускі мовазнаўца і журналіст.
1926 — Лідзія Вакулоўская, пісьменьніца, сцэнарыстка, дысыдэнтка.
1936 — Кім Цесакоў, кампазытар, аўтар сымфоніі «Курапаты».
1945 — Таіса Бондар, беларуская пісьменьніца, перакладніца.
1947 — Валер Мазынскі, беларускі тэатральны рэжысэр і грамадзкі дзяяч.
1962 — Аляксей Шадзько, музыка, актор тэатру і кіно.
У памяці
1810 — Марцін Пачобут-Адляніцкі, асьветнік, астраном, пэдагог.
1963 — Канстанцін Палікарповіч, беларускі археоляг.
1963 — Кастусь Галкоўскі, беларускі кампазытар.
1988 — Павал Каруза, беларускі фальклярыст, кампазытар, грамадзка-палітычны дзяяч.