Як расказалі аналітыкі Эўразійскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭАБР), цэны ў Беларусі будуць паказваць імкненьне да росту. Ужо ў студзені 2024 яны сталі расьці хутчэй.
«Інфляцыя ў Рэспубліцы Беларусь склала 5,9% у студзені 2024 году ў параўнаньні з 5,8% у сьнежні 2023 году».
Інфляцыя на харчовыя тавары ў студзені склала 6,9% у гадавым вымярэньні ў параўнаньні з 6,8% у сьнежні 2023 году. Рост цэнаў на нехарчовыя тавары ў студзені — 3,1% (супраць 2,9% у сьнежні). Запаволіўся толькі рост цэнаў на паслугі, да 7,5% у студзені ў параўнаньні з 8,1% на месяц раней.
«Высокі ўнутраны попыт і падвышаная інфляцыя ў Расейскай Фэдэрацыі — ключавым гандлёвым партнэры — зьяўляюцца асноўнымі чыньнікамі паскарэньня тэмпу росту цэнаў. Чакаем, што інфляцыйны ціск захаваецца, але яго перанос на цэны будзе стрымлівацца цэнавым рэгуляваньнем у 2024 годзе», — пішуць аналітыкі ЭАБР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пасьпяховае прадпрыемства дакацілася да запісу роліка у TikTok пра нявыплату заробкаўРаней у Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі паведамілі, што за 2023 год большасьць тавараў і паслуг «павялічыліся ў цане сярэднімі тэмпамі». Гэтаму спрыяла рэгуляваньне цэнаў.
Сярод рэгуляваных цэнаў «апераджальнымі тэмпамі павялічыліся цэны» на тытунёвыя вырабы (на 63,3%) і моцныя алькагольныя напоі (на 16,5%), а таксама на лекі (13,4%) і паслугі дашкольных устаноў (11,1%), тарыфы на камунальныя паслугі (8,7%) і пасажырскія перавозкі па чыгунцы рэгіянальных зносін эканом-клясы (на 20,8%), вышэйшай адукацыі (на 14%).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь падоўжыла на год забарону на ўвоз прадукцыі зь «недружалюбных» краінаўУ сьнежні 2023 году ўрад Беларусі дазволіў без узгадненьня павышаць цэны на 0,3% у месяц. Пастанову прынялі па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі 21 сьнежня. Тады ён запатрабаваў устанавіць «дакладную і зразумелую» сыстэму рэгуляваньня цэнаў, каб вытворцам і бізнэсоўцам не даводзілася «бегаць у МАРГ або ўрад і ўзгадняць цэны».
За 11 месяцаў 2023 году цэны ў Беларусі вырасьлі на 4,93%. Па выніках 2023 году ўрад чакае павелічэньня цэн на 5,4-5,6% пры прагнозе 7-8%.
Забарону на павышэньне цэнаў у Беларусі ўвялі ў кастрычніку 2022 году. Пазьней улады ўвялі рэгуляваньне цэнаў практычна на ўсе спажывецкія тавары — на 300 таварных пазыцый. Лукашэнка заявіў, што лічыць гэтае рашэньне правільным, і заклікаў працягваць «шліфаваць тлушч» у вытворцаў і гандлю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі дазволіў без узгадненьня павышаць цэны на 0,3% у месяц