З другога боку, паглыбляцца ў гэтыя сцэнары ў народзе мала хто хоча, людзі жывуць сваімі клопатамі, а не глябальнымі. Але вось пачалі называць тэрміны нападу. Тут міжволі зірнеш на гадзіньнік. У Нямеччыне сказалі пра 2025 год, а Мікалай Халезін нават дакладную дату назваў — сёлета, 9 лістапада, адразу пасьля выбараў прэзыдэнта ЗША. Інакш кажучы, вайна можа прыйсьці ў наша жыцьцё амаль што заўтра. І што тады?
Бессэнсоўныя прагнозы
Людзі ў Літве ці Польшчы (а гэтыя краіны называюць наступнымі ахвярамі Крамля найчасьцей) пра гэта стараюцца не гаварыць. Звычайнага чалавека агрэсія ва Ўкраіне адразу напалохала, а цяпер стала амаль што будзённасьцю. Прагназаваць, як яно будзе, калі нехта прыйдзе і проста паставіць тваё жыцьцё з ног на галаву, занятак і непрыемны, і бессэнсоўны.
Вось мая знаёмая жыла ў цэнтры Кіева і перад яшчэ верагодным тады расейскім нападам заклікáла мужа пераехаць куды-небудзь у прадмесьце, у Бучу ці ў Ірпень. Маўляў, там спакайней. Бо бамбіць будуць, ясная рэч, цэнтар, там разгорнуцца ваенныя дзеяньні. «Ну хоць машыну давай заправім і паставім у Бучы, каб адразу туды — і далей на захад». Цяпер знаёмая ўспамінае тыя свае ўгаворы з горкай самаіроніяй.
А яшчэ прыгадваецца, як у колішнім кінафільме «Чужая бацькаўшчына» старая жанчына (яе ролю выконвала Стэфанія Станюта), пачуўшы газэтную навіну, што Нямеччына напала на Альбанію, зазначыла: «А дзе тая Альбанія, да нас, можа, і ня дойдзе». Але ж дайшло. У нашым выпадку і Альбаніі ніякай ня трэба. Бо нападаць нібыта сабраліся на нас. На тых, хто ў Беларусі, і тых, хто вымушаны быў перабрацца ў Літву або Польшчу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і ЭЗ рыхтуюць новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі да другой гадавіны ўварваньня ва Ўкраіну«Руки зá голову!»
У самой Беларусі ўвогуле бяда, яна ўжо ня першы год у гэтай расейскай «гульні». І калі расейцы зь Беларусі пайшлі на Кіеў, ва ўспрыманьні сьвету гэта сама Беларусь і пайшла. Мала чые там найміты — важна, адкуль прыйшлі. Калі зь Беларусі, значыць, сама Беларусь і напала, а як інакш? Яна ж намінальна самастойная дзяржава, суб’ект міжнароднай палітыкі.
І дагэтуль ня кожны згаджаецца зразумець, што сапраўдная Беларусь, словамі яе нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага, — сядзіць у турме. То бок яна ўжо па вушы ў пуцінскай вайне. І далей можа быць толькі горш, бо куды б яны ні пайшлі, на Літву ці на Польшчу, Беларусі не абмінуць...
Маштаб зачысткі беларускай грамадзянскай супольнасьці настолькі вялікі, што нашмат перавышае маштаб і мэнталітэт самой краіны і нацыі. Гаварыць, што верхаводзіць тут дыктатар Лукашэнка зь ягонымі несувымернымі людзкімі і матэрыяльнымі рэсурсамі, не выпадае. Ён хіба што спрыяе агрэсіі, на ўсё згаджаецца, ён на падхопе. Але сам тэрор яўна не беларускі. Інакш давялося б прызнаць, што кожны другі ў краіне — апрычнік-кагэбіст.
Між іншым, у нядаўнім сваім «віншаваньні літоўскаму народу» Лукашэнка «міргнуў». Папракнуўшы Літву «сьценамі з калючага дроту на агульнай мяжы», ён зазначыў, што на тое, каб стрымліваць патокі мігрантаў у краіны Эўразьвязу, «у нас няма ні грошай, ні сіл». А яшчэ няма волі самаабвешчанага кіраўніка краіны выконваць свае непасрэдныя дзяржаўныя функцыі. Ну і калі працягваць ягоную лёгіку, няма магчымасьці пярэчыць Пуціну, бо мігранты — гэта пуцінская зброя. У ідэале вы павінны пачуць тут ноту самаапраўданьня: я за ўсё гэта адказнасьці не нясу.
Калі ж працягваць лёгіку далей, трэба параўнаць два бюджэты: на стрымліваньне мігрантаў (на што грошай і сіл няма) і на масавы тэрор па ўсёй Беларусі, на прапаганду (арганічную частку расейскай прапаганды), на мілітарызацыю ўсяго і ўсіх (на што грошы і сілы ёсьць). Ну ніяк не сувымерныя бюджэты, як слана параўноўваць з малекулай. Тут сам сабою намёк напрошваецца — на тэрор за расейскія грошы і расейскімі сіламі. Надта ж хочацца Лукашэнку вызваліцца ад адказнасьці.
Ня так даўно давялося паглядзець «апэратыўныя» кадры арышту музыкаў гурта Nizkiz. Тры сюжэты ўварваньня ўзброеных людзей у кватэры трох музыкаў адбываюцца паводле аднаго сцэнару з аднымі і тымі словамі: «Руки за голову!» І ўсе тры разы гэтая каманда гучыць з націскам на прыназоўнік: «Руки зá голову!». Я паспрабаваў вымавіць, атрымліваецца ня надта. У Беларусі так не гавораць ні па-беларуску, ні па-расейску. Так гавораць у Расеі. І гэтая дробязь адразу перастае быць дробязьзю, калі разумееш, што гэта каманда, яна развучваецца на трэнінгах — і павінна дакладна і аднолькава крычацца ўсімі тысячамі пагромнікаў, якія штодня ломяцца ў кватэры беларусаў. А гэта значыць, або інструктар у іх з Расеі, або сам баец — расеец.
Народ з дакорам пазірае на ўсё гэтае вялізнае бясчынства, задаючы сабе рытарычнае пытаньне: навошта? Мабыць, прычына ў тым, што ў Крамлі рыхтавалі напад на Ўкраіну, а тут пабачылі масавыя маршы беларусаў у 2020-м, а яшчэ нехта ўспомніў пра рэспубліку-партызанку... Так, глядзіш, ня дойдуць расейскія войскі ня тое што да Кіева, а нават да Ўкраіны. І пачалося — масавыя арышты, пагромы, выцісканьне за мяжу. Але ж нават пры гэтым усім атрымалі дзясяткі дывэрсіяў на чыгунцы і тармажэньне руху расейцаў на Кіеў...
У выніку Беларусь чацьвёрты год у вайне і новыя калёны расейскай тэхнікі, што могуць пачаць рух кудысьці на Вільню ці Сувальскі калідор праз Горадню ці Ашмяны, нікога ня зьдзівяць. Наглядзеліся. Беларусы, у адрозьненьне ад літоўцаў ці палякаў, маральна гатовыя да ўсяго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоўны мэсыдж кандыдатаў на выбарах: калі не Лукашэнка, то вайна», — Тацяна АшуркевічРасейцы ідуць!
Па вялікім рахунку, нічога новага ў гэтым ува ўсім няма — ад першага прыходу сюды ўсходняй імпэрыі: 1794, 1812, 1831, 1863, 1918-20, 1930-я, 1940-50-я... Мы проста забыліся, а нехта і зусім ня ведаў. І кожнага разу на землях ВКЛ і польскай Кароны ўчынялася Буча, ужо, так бы мовіць, традыцыйны маскоўскі стыль. А з новага, бадай, толькі ядравая зброя. Можа быць, яны пачнуць зь яе? І тады што? NATO адкажа па Маскве? Прагназаваць апакаліпсіс таксама бессэнсоўна... Калі пра ўжываньне Захадам «пятага артыкулу статуту NATO» сёньня яшчэ і гавораць часам з пэўным сумневам, дык тое, што неба над саюзьнікамі закрыюць, як пра гэта марна прасіла Ўкраіна зь першых момантаў агрэсіі, сумневаў не выклікае. Гэта значыць, што бамбіць прынамсі ня будуць, і калі пойдзе Пуцін, дык наземным шляхам, праз зачышчаную Беларусь.
А што далей?
Дапусьцім, даедуць расейскія танкі да Вільні. Праз трыццаць гадоў, якія ня бачыліся, моцна зьмянілася Вільня, народ моцна зжыўся з дэмакратычнымі парадкамі і будзе трымацца за іх да апошняга. А што прапануюць расейцы? Арсэнал у іх небагаты: масавы тэрор, як у Беларусі, не атрымаецца, бо сустракаць «новую ўладу» кветкамі ніхто ня будзе. Што яшчэ? Дэнацыфікацыя зь фільтрацыйнымі лягерамі, гэта значыць зачыстка ўсяго літоўскага, польскага, беларускага... Як усё ўкраінскае зачысьцілі на Данбасе. Тут самае галоўнае: на пераважна расейскамоўным Данбасе. Але ж астатняя Ўкраіна вельмі хутка зразумела, што няма больш эфэктыўнае абароны ад «русского мира», чым свая мова. У Літве і ў Польшчы гэтае разуменьне прыходзіць з матчыным малаком. Што яшчэ? Расейскія пашпарты, рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі... Вываз дзяцей «на аздараўленьне»... Напэўна, у Крамлі на такое і не разьлічваюць, бо як ні зірні — глупства. Але што застаецца? Як пры Сталіну — масавыя дэпартацыі? Куды? Ізноў у Сібір?
Трэба разумець, што такой калябарацыі, як была з савецкай уладай, ні ў Літве, ні ў Польшчы ня будзе. Занадта памятная яшчэ папярэдняя савецкая ўлада, якую тут называюць акупацыяй. Вываз у Сібір двух мільёнаў літоўцаў выглядае ня тое, што праблематычна, гэта адкрыты генацыд. Пра 40 мільёнаў палякаў няма чаго і казаць.
У выпадку Ўкраіны на першым месцы — махінацыі з гістарычнымі тэрмінамі «Русь», «Расея», «рускі». А што будуць казаць у выпадку Літвы і Польшчы, калі ў звычайнага расейца яны проста нават не на слыху?
Дык якія, хай сабе самыя ідыёцкія, рэзоны могуць быць у Расеі, каб нападаць на Польшчу і Літву? Захапіць Сувальскі калідор? Але захапіць нічога ня значыць, трэба, каб ён функцыянаваў, а для гэтага трэба ператварыць Літву і Польшчу як мінімум у сёньняшнюю Беларусь і паставіць там (і карміць!) такіх самых самаабвешчаных лукашэнак зь іхнымі перапоўненымі палітвязьнямі турмамі і галаварэзамі. Але навошта? Нават калі Пуцін, кіраваны помстай ці самасьцьверджаньнем, даможацца такога выніку, гэта будзе разавая, а ніяк не стратэгічная «перамога».
Важнае, на маю думку, тут вось што. Той, хто аднойчы ўсьвядоміў свае правы чалавека і пажыў у дэмакратыі, ні за што на сьвеце ня вернецца ў стан раба. Гэта прыблізна тое самае, што калі чалавек рэальна ўсьвядоміў сябе беларусам, ужо ніколі не захоча «назад» стаць нікім. Прыгадаўшы даты імпэрскай агрэсіі на наш край — на Беларусь, Літву і Польшчу, я разумею, што адпор імпэрыі заўсёды рабілі мужныя людзі, якія, аднак, толькі дасьпявалі да сваёй нацыянальнай і дэмакратычнай кандыцыі, яшчэ не сфармаваліся цалкам, і таму дазвалялі сабе кампрамісы з самімі сабою. Сёньня сытуацыя кардынальна іншая. Палякі і літоўцы дасьпелі, беларусы далучаюцца да іх сямімільнымі крокамі. Таму пуцінская агрэсія ня мае ніякіх шанцаў. Апроч апакаліптычнага. Які, у сваю чаргу, ні для кога ня мае сэнсу.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна вывела войскі з Аўдзееўкі, гарачыя баі за якую працягваліся шмат месяцаўВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.