17 лютага Джо Байдэн патэлефанаваў украінскаму прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму, «каб пацьвердзіць прыхільнасьць Злучаных Штатаў далейшай падтрымцы Ўкраіны», гаворыцца ў заяве Белага дома.
Прэзыдэнт ЗША зьвязаў захоп расейскімі войскамі Аўдзееўкі ў Данецкай вобласьці зь бязьдзейнасьцю Кангрэсу, у якім партыйныя рознагалосьсі перашкаджаюць выдзяленьню 60 млрд даляраў на неабходную Кіеву ваенную дапамогу. У заяве зазначаецца, што вывад украінскіх войскаў з Аўдзееўкі адбыўся пасьля таго, як украінскія салдаты былі вымушаныя абмежаваць выкарыстаньне боепрыпасаў з прычыны скарачэньня іх паставак, што «прывяло да першых прыкметных посьпехаў Расеі за апошнія месяцы».
Байдэн «пацьвердзіў моцную двухпартыйную падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ва ўрадзе ЗША і сярод амэрыканскага народа» і заклікаў Кангрэс неадкладна прыняць законапраект аб выдатках, якія ўключаюць дапамогу Ўкраіне, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасьля размовы з Джо Байдэнам падзякаваў прэзыдэнту ЗША «за поўную падтрымку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна вывела войскі з Аўдзееўкі, гарачыя баі за якую працягваліся шмат месяцаў
Сэнат ЗША 14 лютага прагаласаваў за законапраект па дадатковых абаронных выдатках на 95 мільярдаў даляраў, у тым ліку аб выдзяленьні $ 60 млрд Кіеву. Пазьней Байдэн заклікаў Палату прадстаўнікоў «неадкладна» разгледзець ініцыятыву. Сьпікер Палаты прадстаўнікоў, рэспубліканец Майк Джонсан настойвае, што любы пакет міжнароднай ваеннай і гуманітарнай дапамогі павінен таксама ўключаць меры па забесьпячэньні бясьпекі на мяжы ЗША з Мэксыкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн скрытыкаваў ухіленьне Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ад разгляду дапамогі Ўкраіне- Аўдзееўка — невялікі прамысловы горад побач з Данецкам, захопленым прарасейскімі сэпаратыстамі пры падтрымцы расейскіх войскаў амаль 10 гадоў таму — вясной 2014-га. Усе гэтыя гады Аўдзееўку ўтрымлівалі ўкраінскія войскі, якія пабудавалі там магутныя абарончыя ўмацаваньні. Нягледзячы на блізкасьць да лініі судакрананьня бакоў, да самага пачатку поўнамаштабнай вайны горад разьвіваўся і эканамічна рос. Да цяперашняга моманту ад горада мала што засталося: у выніку інтэнсіўных бамбёжак і баявых дзеяньняў амаль усе будынкі ў горадзе або разбураныя дашчэнту, або значна пашкоджаныя.
- Расейскія войскі шматкроць спрабавалі захапіць Аўдзееўку з самага пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ў лютым 2022 году. Маштабны наступ на яе вёўся з восені 2023-га. Крыніцы, блізкія да расейскай улады, паведамлялі, што з Крамля паступіла ўказаньне любой цаной захапіць гэты горад да сакавіцкіх прэзыдэнцкіх выбараў, каб прадэманстраваць посьпехі Пуціна ў вайне супраць Украіны напярэдадні яго пераабраньня.
- У ноч на 17 лютага ўкраінскае войска сышло з Аўдзееўкі Данецкай вобласьці. Пра гэта паведаміў камандуючы ўкраінскай групоўкай войскаў «Таўрыя» Аляксандар Тарнаўскі. У выніку вываду ўкраінскіх сіл з Аўдзееўкі расейцам удалося акружыць частку ўкраінскіх войскаў і перарэзаць апошнюю вялікую трасу, па якой ажыцьцяўлялася забесьпячэньне тых, хто абараняўся, піша ВВС.
- Для абодвух бакоў Аўдзееўка мела важнае палітычнае і ваеннае значэньне. Расея спрабавала адсунуць украінскія войскі на бясьпечную адлегласьць, каб Данецк не трапляў пад абстрэлы артылерыі ВСУ. Для Ўкраіны Аўдзееўка важная як буйны чыгуначны вузел, магутны прамысловы цэнтар, а таксама як пастаянная патэнцыйная пагроза для Данецку. За некалькі кілямэтраў ад яе праходзіць дарога, якая злучае Данецк, Горлаўку і Луганск. Калі б яе ўдалося перарэзаць, гэта значна ўскладніла б лягістыку расейскіх войскаў.