Харват незаконна трапіў у Беларусь «у пошуках лепшага жыцьця». Але яго дэпартуюць

Фота Памежнага камітэту

Памежны камітэт Беларусі расказаў, што на мяжы зь Літвой затрыманы жыхар Эўразьвязу. Гэта адбылося 15 лютага паблізу беларуска-літоўскай мяжы ў Горадзенскім раёне.

Ён незаконна перасек дзяржаўную мяжу з Літвы ў Беларусь у пошуках лепшага жыцьця, сьцьвярджае Памежны камітэт.

Замежнік, па ягоных словах, зьяўляецца грамадзянінам Харватыі. З сабой у яго было два заплечнікі з рэчамі, нож і грашовыя сродкі. Канчатковым пунктам падарожжа была Беларусь або Расейская Фэдэрацыя. Паводле беларускіх памежнікаў, ён накіроўваўся туды для пошуку працы і лепшых умоў жыцьця.

За парушэньне дзяржаўнай мяжы і правілаў знаходжаньня ў дачыненьні да затрыманага распачалі адміністрацыйны працэс. Мужчыну пагражае штраф да ста базавых велічыняў і дэпартацыя. На гэты момант ён знаходзіцца ў ІЧУ Горадзенскай пагранічнай групы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманыя на Палесьсі «дывэрсанты» аказаліся наркакантрабандыстамі, — «Флагшток»