Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь сьцьвярджае, што як мінімум 155 супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (БДУ) ахвяравалі грошы тым, каго ўлады прызналі «экстрэмістамі».
Пра гэта праваабаронцам стала вядома з дакладной запіскі «аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненьню злачынстваў». Такую запіску ведамства даслала ў некаторыя навучальныя ўстановы краіны.
У дакумэнце сьцьвярджаецца, што ў дачыненьні гэтых людзей «праводзяцца адпаведныя сьледчыя і працэсуальныя дзеяньні».
У сваёй дакладной запісцы Сьледчы камітэт, акрамя таго, пагражае тым, хто ахвяраваў нейкія сродкі, трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу. Гэта:
- арт. 361-2 КК (фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці);
- 361-3 КК (фінансаваньне дзейнасьці для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні, альбо ва ўзброеных канфліктах);
- 290-1 КК (фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці).
За апошнія тры гады сілавікі рэгулярна давалі справаздачы аб затрыманьнях супрацоўнікаў БДУ і іншых навучальных устаноў краіны. Некаторыя апынуліся за кратамі па крымінальных артыкулах, некаторыя адбылі «содні» па адміністрацыйных, некаторыя змушаныя былі пакінуць Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 16 лютага: ганаровую выпускніцу БДУ асудзілі на 5 гадоў калёніі за данаты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня якасьць ведаў, а палітычная ляяльнасьць. Чаго Лукашэнка хоча ад ВНУ