Інгрыда Шыманіце: «Стаўленьне да беларусаў не зьмянілася, але мы хочам зьменшыць нагрузку на нашу мяжу»

Інгрыда Шыманіце (справа) і Сьвятлана Ціханоўская, Вільня, 2022 год

Прэм’ер-міністар Літвы Інгрыда Шыманіце ў эксклюзіўным інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкарду Юзьвяку пракамэнтавала сытуацыю вакол беларусаў, што цяпер жывуць у Літве.

— Мы бачым, магчыма, некаторыя больш жорсткія фармулёўкі, калі гаворка ідзе пра беларусаў, што жывуць у Літве. Можа, гэта частка перадвыбарчага цыклю, ці вы лічыце, што гэта больш трывалая зьмена?

— Не. Я б сказала, што гэта частка больш шырокай карціны, бо вы памятаеце, што калі ў Беларусі адбыліся сфальсыфікаваныя выбары ў 2020 годзе, мы віталі людзей, якія ўцякалі ад рэжыму і зьверстваў Лукашэнкі. Мы былі вельмі адкрытыя. Мы прымаем Сьвятлану Ціханоўскую і даволі шмат недзяржаўных арганізацыі і журналістаў. А таксама тых, супраць каго завёў крымінальныя справы прарасейскі КДБ.

Але праблема ў тым, што і астатняя частка камунікацыі паміж нашымі краінамі даволі інтэнсіўная. Я маю на ўвазе людзей, якія прыяжджаюць па працы, людзей, якія прыяжджаюць па пакупкі, па сямейных абставінах. Гэта даволі інтэнсіўна.

Лічбы вялікія, і яны растуць, а ў нас па-ранейшаму вельмі абмежаваныя адносіны зь Беларусьсю са зразумелых прычын. У адрозьненьне ад нашых суседзяў, у якіх адзін пункт пропуску ў Латвіі і адзін у Польшчы, у нас іх было чатыры. Гэта трошкі завялікая колькасьць, таму што для нашых устаноў гэта дадатковая нагрузка па праверцы, па кантролі.

Таксама, як вы ведаеце, існуе праблема выкананьня санкцый. Кантроль за выкананьнем санкцый ЭЗ звычайна адбываецца на зьнешніх межах. Таму мы таксама адчуваем гэты дадатковы ціск з прычыны таго, што ўвесь гандаль з ЭЗ праходзіць праз нашы межы транзытам у Беларусь, Казахстан ці іншыя краіны Цэнтральнай Азіі. І нам трэба правяраць, ці праўда гэта.

Такім чынам, мы проста хочам абмежаваць нагрузку, якую нясуць нашы ўстановы. А стаўленьне да беларусаў — я ня думаю, што моцна зьмянілася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы пра закрыцьцё яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю: жалезная заслона ўжо ёсьць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва разглядае скарачэньне часу працы некаторых пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю
  • 18 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск/Лоша і Відзы/Цьверач. Працягваюць функцыянаваць пераходы Каменны Лог/Меднікі, Прывалка/Райгорад, Беняконі/Салечнікі і Катлоўка/Лаварышкі.
  • Літоўскае МУС пазьней прапаноўвала закрыць яшчэ два пункты (Прывалка/Райгорад і Катлоўка/Лаварышкі), але пакуль іх не закрылі.
  • 28 жніўня 2023 году міністры ўнутраных спраў Польшчы і краін Балтыі на сустрэчы ў Варшаве ўзгаднілі асноўныя крытэры, пры адпаведнасьці якім будзе вырашана цалкам закрыць мяжу зь Беларусьсю: збройны інцыдэнт або інцыдэнт на мяжы адной з краін, які ўяўляе сур’ёзную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, а таксама арганізаваны масавы прарыў нелегалаў.
  • 29 жніўня 2023 году прэм’ер-міністар Літвы Інгрыда Шыманіце заявіла, што ўрад Літвы найбліжэйшым часам «ня будзе закрываць дадатковыя пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю», але згадала пра існаваньне пляну, у якім прапісана, як можна скараціць колькасьць пунктаў пропуску, празь якія можна перасякаць літоўска-беларускую мяжу.
  • 1 лістапада 2023 году Мытная служба Літвы заявіла пра ўзмацненьне жорсткасьці кантролю на межах зь Беларусьсю і Расеяй для прадухіленьня вывазу санкцыйных тавараў.