Фэдэральны канцлер Нямеччыны Оляф Шольц назваў рашэньне Навальнага вярнуцца ў Расею «адвагай, і цяпер ён заплаціў сваім жыцьцём».
«Мы добра ведаем рэжым у Расеі. І той, хто яго крытыкуе і выступае за дэмакратыю, павінен баяцца за сваё жыцьцё. Мы ашаломленыя, і цяпер думаем пра ягоную жонку, дзяцей, ягоных пасьлядоўнікаў», — сказаў Оляф Шольц.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі лічыць Уладзіміра Пуціна адказным за сьмерць Аляксея Навальнага.
«Відавочна, яго забіў Пуцін, як і тысячы іншых закатаваных з-за адной гэтай істоты. Пуціну абыякава, хто загіне, толькі б захаваць свае пазыцыі. І менавіта таму ён не павінен захаваць нічога. Пуцін усё павінен прайграць, страціць і адказваць за ўчыненае», — лічыць Уладзімір Зяленскі.
Прэзыдэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс адным зь першых з кіраўнікоў замежных дзяржаваў пракамэнтаваў сьмерць Навальнага.
«Што б вы ні думалі пра Аляксея Навальнага як палітыка, ён быў жорстка забіты Крамлём. Гэта факт, і ён шмат гаворыць аб сапраўднай прыродзе цяперашняга рэжыму ў Расеі», — напісаў Рынкевічс у сацсетцы X.
Прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Рышы Сунак назваў тое, што здарылася, вялізнай трагедыяй.
«Будучы самым заўзятым абаронцам расейскай дэмакратыі, Аляксей Навальны на працягу ўсяго свайго жыцьця дэманстраваў неймаверную мужнасьць», — адзначыў Сунак у сацсетцы X.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі паведамілі пра сьмерць палітвязьня Навальнага ў калёніі. Што вядома цяпер
Паводле генэральнага сакратара NATO Енса Столтэнбэрга, усе факты вакол сьмерці Навальнага павінны быць устаноўленыя, а «Расея павінная адказаць на сурʼёзныя пытаньні».
Прэм'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце, камэнтуючы сьмерць лідэра расейскай апазыцыі, заявіла, што «рэжым у Крамлі — гэта рэжым-забойца».
«Мне цяжка верыць, што праціўнікі рэжыму ў Расеі паміраюць ад натуральных прычын. Вы ведаеце, што ў мінулым Навальнага і іншых труцілі. Я маю на ўвазе, можа, быў інфаркт ці што іншае, але з улікам таго, што было зроблена рэжымам раней, гэта больш падобна да працягу гісторыі з забойствамі», — сказала Шыманіце ў інтэрвію Радыё Свабода.
Прэм’ер-міністар Гішпаніі Пэдра Санчэс заявіў, што ён «шакаваны» сьмерцю Навальнага, які быў «несправядліва кінуты ў турму» рэжымам Уладзіміра Пуціна.
«Шакаваны навінамі пра сьмерць у турме Аляксея Навальнага, несправядліва зьняволенага пуцінскім рэжымам за абарону правоў чалавека і дэмакратыі. Мае спачуваньні яго сямʼі і сябрам, а таксама ўсім тым у Расеі, хто абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці і плаціць за гэта найвышэйшую з цэнаў», — напісаў Санчэс у сетцы X.
Белы дом заявіў, што сьмерць Навальнага стане «жудаснай трагедыяй», калі гэта пацьвердзіцца.
Дарадца прэзыдэнта ЗША з нацыянальнай бясьпекі Джэйк Саліван дадаў, што «доўгая і агідная» практыка Крамля ў нанясеньні шкоды сваім апанэнтам «выклікае рэальныя і відавочныя пытаньні аб тым, што там адбылося».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Навальнага забіў пуцінскі рэжым». Рэакцыі беларускіх палітыкаў і праваабаронцаўДзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што паведамленьні пра сьмерць лідэра расейскай апазыцыі Аляксея Навальнага ў турме, калі яны адпавядаюць рэчаіснасьці, падкрэсьліваюць тое, што ён назваў «слабасьцю і гніласьцю» сыстэмы, пабудаванай прэзыдэнтам Пуціным.
У пятніцу старшыня Эўрапейскай рады Шарль Мішэль заявіў, што лічыць Расею Пуціна цалкам адказнай за сьмерць у турме Навальнага.
«Аляксей Навальны змагаўся за каштоўнасьці свабоды і дэмакратыі. Дзеля сваіх ідэалаў ён прынёс вялікую ахвяру», — напісаў Мішэль у X.
Старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што вестка пра сьмерць Навальнага стала «змрочным напамінам пра тое, што такое Пуцін і яго рэжым».
Расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны быў героем, заявіў міністар замежных спраў Польшчы Радэк Сікорскі. Ён дадаў, што прэзыдэнт Пуцін нясе адказнасьць за тое, што Навальны знаходзіўся ў зьняволеньні ў жудасных умовах па ілжывых абвінавачаньнях.
«Цяпер маё сэрца зь сямʼёй Аляксея Навальнага, які зьяўляецца героем і сымбалем для ўсіх расейскіх дэмакратаў», — сказаў кіраўнік польскага МЗС.
Свой выступ на Мюнхэнскай канфэрэнцыі аб бясьпецы віцэ-прэзыдэнтка ЗША Камала Гарыс адкрыла словамі:
«Перш чым пачаць — мы ўсе толькі што атрымалі паведамленьні пра тое, што Аляксей Навальны памёр у Расеі. Гэта жудасная навіна, і мы працуем над тым, каб атрымаць пацьверджаньні. Я малюся за яго сям’ю, у тым ліку за яго жонку, Юлію, якая сёньня з намі. І калі гэта пацьвердзіцца, гэта стане яшчэ адным доказам жорсткасьці Пуціна, якую б вэрсію яны ні прапаноўвалі. Давайце ўнясем яснасьць: адказнасьць нясуць расейскія ўлады».
«У цяперашняй Расеі свабодных духам людзей адпраўляюць у ГУЛАГ і выракаюць на сьмерць. Гнеў і абурэньне. Я шаную памяць Аляксея Навальнага, яго адданасьць і мужнасьць. Мае думкі з яго сям’ёй, блізкімі і з расейскім народам», — напісаў па-расейску ў сацсетцы Х прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.
Сьмерць Аляксея Навальнага зьяўляецца «злачынствам, паколькі ён быў палітычным вязьнем», — адзначыў лідэр францускіх скрайне левых Жан-Люк Мэляншон. «Гонар памяці Навальнага незалежна ад нашых з ім рознагалосьсяў. Гонар яго супраціву», — напісаў кіраўнік «Няскоранай Францыі» у сацсетцы Х.
Лідэрка францускіх скрайне правых Марын Лё Пэн выказала спачуваньні блізкім і паплечнікам Аляксея Навальнага: «Я даведалася пра сьмерць Аляксея Навальнага, палітычнага актывіста, прыхільнага абароне дэмакратыі. Я выказваю свае спачуваньні яго блізкім і палітычным паплечнікам».
Навіна абнаўляецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галгофа Аляксея Навальнага ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі паведамілі пра сьмерць палітвязьня Навальнага ў калёніі. Што вядома цяперГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Навальнага забіў пуцінскі рэжым». Рэакцыі беларускіх палітыкаў і праваабаронцаў