Рэктараў беларускіх ВНУ 15 лютага выклікалі ў Вайсковую акадэмію на заняткі па агнявой падрыхтоўцы. Іх вучылі страляць з аўтамата і зь пісталета Макарава, далі патрымаць аўтаматы Калашнікава і паглядзець на гранатамёт.
Інструктарска-мэтадычныя заняткі па агнявой падрыхтоўцы для кіроўнага складу ВНУ прайшлі пад кіраўніцтвам намесьніка міністра абароны генэрал-маёра Андрэя Жука, паведамляе прэс-служба Мінабароны.
На фота, якія публікуе Мінабароны і тэлеграм-канал «Военное образование», рэктары — у вайсковай форме, акрамя рэктара БДУ Андрэя Караля.
З новага навучальнага году ў ВНУ Беларусі будзе абавязковы курс пачатковай вайсковай падрыхтоўкі. Вучэбную праграму спачатку прэзэнтуюць рэктарам і прарэктарам.
Сёньня рэктарам прадэманстравалі элемэнты заняткаў па тактычнай мэдыцыне, інжынэрнай падрыхтоўцы, радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароне і інш.