Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) заявілі, што Крэмль праводзіць інфармацыйныя апэрацыі супраць Малдовы, вельмі падобныя на тыя, што папярэднічалі расейскаму ваеннаму ўварваньню ва Ўкраіну.
«Тэрміны магчымай гібрыднай апэрацыі Расеі ў Малдове не зразумелыя, але Крэмль стварае інфармацыйныя ўмовы, каб неўзабаве яе ажыцьцявіць», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 14 лютага.
Сярод такіх папярэдніх умоў экспэрты назвалі шэраг заяў міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова аб кантролі над урадам Малдовы з боку ЗША і спыненьні пад уплывам Амэрыкі і Эўразьвязу перамоўнага працэсу ў фармаце «5+2» пры ўдзеле Расеі, які неабходна аднавіць, каб 200 тысяч грамадзян Расеі, якія жывуць у Прыднястроўі, ня сталі «ахвярамі чарговай заходняй авантуры».
Сяргей Лаўроў таксама заявіў, што ўрад Малдовы спыніў дзяржаўныя субсыдыі такім рэгіёнам, як Гагаузія, якія выступаюць супраць эўрапейскай інтэграцыі краіны. Гэтую сытуацыю ён параўнаў з тым, як Захад «адмовіўся» даць час Віктару Януковічу на перагляд пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны з Эўразьвязам.
Раней Крэмль абвінавачваў Украіну ў ігнараваньні так званых «менскіх дамоўленасьцяў». Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін неаднаразова заяўляў, што падставай для ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну стала яе адмова ад выкананьня «менскіх дамоўленасьцяў».
У ISW мяркуюць, што гэтыя заявы сьведчаць аб тым, што Крэмль і праўладныя расейскія блогеры ствараюць інфармацыйныя ўмовы, каб апраўдаць расейскія намаганьні па дэстабілізацыі сытуацыі ў Малдове. Сярод такіх умоў экспэрты таксама назвалі заявы аб тым, што ўрад Малдовы «эканамічна» цісьне на Прыднястроўе і актыўна «мілітарызуецца», каб «прымусова інтэграваць Прыднястроўе ў Малдову».
Улады Малдовы нядаўна абвінавацілі расейскіх міратворцаў у Прыднястроўі ў правядзеньні вучэньняў і выкарыстаньні зброі ў малдоўскай зоне бясьпекі, што парушае пратаколы Зьмяшанай кантрольнай камісіі АБСЭ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты знайшлі сакрэтны крамлёўскі дакумэнт аб захопе Малдовы і адкрыцьці другога фронту ў ПрыднястроўіШто папярэднічала
Расея з 1995 году ўтрымлівае свае міратворчыя сілы на тэрыторыі Прыднястроўя. Кожны год у кастрычніку адбывалася іхная ратацыя праз тэрыторыю Малдовы і Ўкраіны.
Пасьля ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Малдова закрыла сваю паветраную прастору для расейскіх вайсковых грузаў. Праз Украіну гэта таксама стала немагчымым — украінскія ўлады закрылі сваю паветраную прастору, увялі ваеннае становішча і цалкам спынілі супрацу з Расеяй.
Апошняя ратацыя адбылася ў кастрычніку 2021 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна выйшла з дамовы СНД пра прынцыпы і парадак выкананьня вайсковых перавозак. Чаму гэта важнаНекаторыя ўкраінскія вайсковыя экспэрты сьцьвярджалі, што Расея спрабавала праводзіць ратацыю сваіх вайскоўцаў у Малдове праз эўрапейскія краіны пад выглядам турыстаў, а запчасткі для вайсковай тэхнікі, якія можна было пастаўляць пад выглядам тавараў двайнога прызначэньня, накіроўвалі нібыта ў межах адмысловай эканамічнай дамовы з Малдовай.
Пры апошняй афіцыйнай спробе Расеі правесьці ратацыю праз Малдову ў канцы 2022 году Кішынёў забараніў уезд на малдоўскую тэрыторыю шэрагу расейскіх вайскоўцаў, якія, паводле іх, прадстаўлялі Апэратыўную групоўку расейскіх войскаў. Улады Малдовы лічаць незаконным яе знаходжаньне ў Прыднястроўі. Тады праблему ратацыі ўдалося часткова вырашыць пры дапамозе прызыву на службу расейскіх грамадзян, якія жывуць у Прыднястроўі.
Улады Малдовы неаднаразова патрабавалі ад Расеі вывесьці свае войскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Малдове лідэра прарасейскай партыі завочна асудзілі на 15 гадоў турмы за «крадзеж стагодзьдзя»