Катаваньні грамадзян у Цэнтральным РУУС Менску, якія адбыліся 9–13 жніўня 2020 году, сталі адной з рэакцый уладаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам на пратэсты беларусаў.
Для расьсьледаваньня спэцыялісты вывучылі 54 гісторыі ад пацярпелых людзей, прааналізавалі фатаграфіі траўмаў і мэдыцынскія дакумэнты. У камітэце таксама назвалі імёны 88 супрацоўнікаў сілавых органаў, якія знаходзіліся ва ўказаны пэрыяд у РУУС і «з найбольшай верагоднасьцю бралі ўдзел у катаваньнях».
Паводле зьвестак Міжнароднага камітэту расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі, 9–13 жніўня 2020 году празь сьцены Цэнтральнага РУУС беларускай сталіцы прайшлі ад 400 да 600 чалавек, сярод якіх былі нават непаўналетнія і замежныя грамадзяне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦААпытаныя пацярпелыя сьведчылі пра бесчалавечныя умовы ўтрыманьня, фізычны гвалт (пабіцьцё, пагрозы, ужываньне электрашокераў) і псыхалягічны ціск. Асабліва жорстка абыходзіліся з тымі, каго затрымалі за «палітычныя» артыкулы, хто меў нацыянальную сымболіку або вылучаўся нефармальным вонкавым выглядам.
«Уначы, пад дажджом, затрыманыя гадзінамі ляжалі тварам у асфальт або стаялі ля сьцяны ў пакутлівых позах з паднятымі або адведзенымі назад рукамі. Нярэдка пясьці рук былі перацягнутыя плястыкавымі будаўнічымі сьцяжкамі ці кайданкамі», — адзначана ў расьсьледаваньні.
Асобнай катэгорыяй расьсьледаваньня ішло апазнаньне.
«З дапамогай задакумэнтаваных намі пацярпелых мы правялі апазнаньне патэнцыйных злачынцаў. Працэс апазнаньня ўскладняўся наступнымі фактарамі: большасьць сілавікоў былі ў балаклавах або мэдыцынскіх масках; многія з пацярпелых на тэрыторыі Беларусі асьцерагаюцца рэпрэсій і вырашылі ня ўдзельнічаць у працэсе апазнаньня; акрамя гэтага, з моманту падзей прайшло больш за тры гады, таму многія дэталі і вобразы сьцерліся ў памяці апытаных».
У поўнай вэрсіі справаздачы аўтары прыводзяць сьпіс з 33 сілавікоў, якіх удалося апазнаць пацярпелым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча прыпыніла расьсьледаваньне катаваньняў польскіх грамадзян у Менску ў жніўні 2020 годуПры гэтым аўтары расьсьледаваньня адзначылі, што віна гэтых людзей павінна быць даведзеная ў судзе. Мэта расьсьледаваньня палягае толькі ў тым, каб захаваць доказы і забясьпечыць вяршэнства правасудзьдзя.
У дэталёвай справаздачы можна прачытаць пра падзеі ў розны час. Зьмест дакумэнту мае разьбіўкі на дні і прамежкі часу па гадзінах. Усе апазнаныя сілавікі прыводзяцца са сьціслай даведкай пра іх і фатаграфіямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Параўноўвалі з фашысцкім канцлягерам». Апублікавалі расьсьледаваньне пра падзеі 9–13 жніўня 2020 у Савецкім РУУС МенскуРаней Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі ўжо публікаваў некалькі сваіх расьсьледаваньняў падзей 2020 году. У прыватнасьці, ён зрабіў справаздачы па катаваньняў у Савецкім РУУС 9–13 жніўня, на ЦІП на Акрэсьціна 9–14 жніўня, у Фрунзэнскім РУУС 9–12 жніўня.
Акрамя таго, на рахунку Камітэту іншыя расьсьледаваньні катаваньняў грамадзян з боку рэжыму Лукашэнкі. Гэта і матэрыялы пра ГУБАЗіК, і перасьлед за падтрымку Ўкраіны ў вайне, і злачынствы супраць чалавецтва, і гамафобную палітыку ўладаў, і іншае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар дакладу ААН — сваякам беларускіх палітвязьняў: «Ня трэба здавацца, адказнасьць за парушэньні правоў чалавека наступіць»