Ад зімовых траўмаў у Беларусі пацярпелі больш за 15 тысяч чалавек. Генпракуратура завяла шэраг крымінальных спраў

Паводле Генпракуратуры, з канца лістапада 2023 году з рознымі галалёднымі і халадовымі траўмамі па мэдычную дапамогу зьвярнуліся больш за 15 тысяч чалавек, шэраг зь іх — зь цяжкімі пашкоджаньнямі.

Як адзначаюць у ведамстве, пракуроры ацэньваюць выкананьне службовымі асобамі ЖКГ сваіх абавязкаў па арганізацыі ачысткі вуліц і прыдамавых тэрыторый, апрацоўкі іх ад наледзі і своечасовага выдаленьня сьнегу з дахаў.

«У асобных выпадках па фактах злачыннай халатнасьці, якая прывяла да траўмаваньня і гібелі грамадзян, заведзеныя крымінальныя справы», — заявілі ў Генпракуратуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няпраўда, усе стараюцца чысьціць». На беларусаў падаюць глыбы лёду, а што гавораць улады? 

Гэтай зімой беларускія СМІ паведамлялі пра шэраг выпадкаў траўмаваньня і гібелі людзей у выніку падзеньня сьнегу і ледзяных глыбаў з дахаў у адлігу. Некаторыя пасьля наракалі, што камунальнікі ня чысьцяць дахі.

Так, напрыклад, 18 сьнежня ў Віцебску з даху ўпала глыба сьнегу і лёду, якая забіла 39-гадовую жанчыну. 19 сьнежня ад сьнегавой масы з даху будынку пацярпела жыхарка Магілёва, яе шпіталізавалі «з траўмамі рознай ступені цяжкасьці». У той жа дзень глыба лёду ўпала з даху на жыхарку Гомля — тая атрымала траўмы галавы, перанесла апэрацыю. 20 сьнежня ў Гомлі ад падзеньня наледзі пацярпелі дзьве дзяўчынкі, 9 і 10 гадоў. Гэта толькі тыя выпадкі за тыдзень, якія трапілі ў зводкі Міністэрства надзвычайных сытуацый і ў дзяржаўныя СМІ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два выпадкі падзеньня лёду з дахаў на людзей: сьмерць у Віцебску, траўма ў Гомлі