Беларускія і расейскія праваабарончыя арганізацыі патрабуюць ад уладаў Расеі паказаць грамадзяніна Беларусі Сяргея Ерамеева, затрыманага пасьля выбуху на БАМе.
«Мы ня ведаем, дзе ён, у якім стане і ці жывы ўвогуле. Ведаючы пра дзясяткі арыштаў, якія правёў КДБ у яго родным горадзе Наваполацку паводле ўказаньняў ФСБ, а таксама пра напружанасьць, якую выклікалі выбухі паміж сілавікамі Расеі і Беларусі, мы ня можам выключаць найгоршага», — адзначаецца ў заяве беларускіх і расейскіх праваабаронцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Омску адхіліў скаргу абвінавачанага ў тэрактах на Байкала-Амурскай магістралі экс-нафтанаўца Ерамеева і пакінуў яго пад вартайПраваабаронцы не выключаюць, што ўлады Расеі могуць мэтанакіравана хаваць Сяргея Ерамеева, каб прыхаваць доказы магчымых катаваньняў.
«Мы мяркуем, што існуе рэальная пагроза здароўю і жыцьцю Сяргея Ерамеева, улічваючы складанасьць абвінавачаньня і агульнае стаўленьне да тых, хто зьвязаны з Украінай. Мы патрабуем дапусьціць да Сяргея Ерамеева незалежнага адваката, каб пераканацца, што беларус з Наваполацку жывы і здаровы, і патрабуем забясьпечыць яму права на абарону і празрыстасьць крымінальнага працэсу», — адзначаецца ў заяве праваабаронцаў.
У паведамленьні адзначаецца, што Сяргея Ерамеева затрымалі не пазьней як 7 сьнежня 2023 году ў Омску, потым яго перавезьлі ў сьледчы ізалятар у Іркуцку, а там паведамілі пра яго этапаваньне ў кірунку Улан-Удэ.
У канцы студзеня стала вядома, што беларуса перавезьлі ў Маскву, але ў маскоўскіх ізалятарах праваабаронцы яго не знайшлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Наваполацку працягваюць затрымліваць і апытваць людзей пра Ерамеева, якога падазраюць у дывэрсіі на чыгунцы ў Расеі