Байдэн раскрытыкаваў Трампа за выказваньні пра NATO і Расею

Джо Байдэн

На думку Байдэна, падтрымліваць былога прэзыдэнта азначае ствараць пагрозу амэрыканскім інтарэсам.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн рашуча адпрэчыў рэзкую крытыку NATO з боку Дональда Трампа. Паводле цяперашняга кіраўніка ЗША, рэспубліканцы павінны зрабіць выбар — «стаць на бок Амэрыкі або Трампа», піша «Голас Амэрыкі».

У сваім выступе на мінулых выходных Трамп сказаў, што, калі ён быў прэзыдэнтам, ён заявіў лідэрам NATO, што ня будзе абараняць тых чальцоў альянсу, якія не выконваюць сваіх фінансавых абавязаньняў перад Паўночна-Атлянтычным блёкам.

Трамп заявіў, што дазволіў бы расейцам рабіць з такой краінай «усё, што тыя захочуць».

«Ніводзін прэзыдэнт у нашай гісторыі ніколі не схіляўся перад расейскім дыктатарам. Скажу максымальна ясна: я ніколі не схілюся. Гэта бязглузда, гэта ганебна, гэта небясьпечна, гэта не па-амэрыканску. На Амэрыку можна спадзявацца, і Амэрыка адстойвае свабоду. Мы цьвёрда падтрымліваем нашых саюзьнікаў. Мы ніколі не схіляемся ні перад кім, і ўжо дакладна ня перад Уладзімірам Пуціным. Так што давайце звыкнемся з гэтым. Нагадаю, Злучаныя Штаты сабралі кааліцыю з амаль 50 краін, каб падтрымаць Украіну», — заявіў Байдэн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заявіў, што будзе заахвочваць Расею атакаваць членаў NATO, якія ня робяць абаронных выплатаў

Байдэн заявіў, што ўяўленьні былога прэзыдэнта рашуча кантрастуюць з фундамэнтальнымі прынцыпамі замежнай палітыкі цяперашняй адміністрацыі. На думку Байдэна, дактрына Трампа арыентаваная не на амэрыканцаў, а на іхных ворагаў, якія «даўно спрабуюць утварыць расколіны ў альянсе».

Палітычныя крытыкі Байдэна пакуль не адрэагавалі на яго камэнтары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Куды коціцца сьвет». Свабода запусьціла новы падкаст пра глябальныя тэндэнцыі