Як даведалася «Наша ніва», затрыманьням папярэднічалі спробы ўзлому тэлеграм-акаўнтаў сваякоў палітвязьняў і тых, хто дапамагаў палітзьняволеным. Адбывалася гэта за тры дні да таго, як стала вядома пра хапун. Па інфармацыі ад крыніц, затрыманьні пачаліся яшчэ да 23 студзеня. Расказваюць, што на гэты дзень сьледчыя былі ўжо стомленыя і між сабой казалі, што «ня спалі чатыры дні».
Таксама гучала лічба затрыманых, якіх трэба «адпрацаваць» — 700 чалавек. Інфармацыя пра велізарную колькасьць затрыманых пацьвярджаецца і ўскосна: прадстаўніца фонду «Краіна для жыцьця» Вольга Зазулінская казала, што, па іх зьвестках, у справе працуюць 174 сьледчыя.
Большасьць людзей адпускалі пасьля адносна непрацяглых допытаў. Найперш спэцслужбы цікавіла тое, празь якія крыніцы палітвязьні і іх сем’і атрымліваюць дапамогу, а таксама хто сыстэмна дапамагае вязьням унутры Беларусі. Прынамсі аднаго з затрыманых абвінавацілі ў тым, што ён атрымліваў грошы на картку і пасьля перадаваў іх сем’ям палітвязьняў, а таксама слаў ім пасылкі. Адметна, што гэта былі грошы ня з фондаў, а ад сяброў і знаёмых, але гэта ні на што не паўплывала. Наколькі вядома, цяпер гэты чалавек у СІЗА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас ператрусаў у Берасьці затрымалі 70 чалавек, усе жанчыныБольшая частка затрыманых падчас аблавы — непублічныя пажылыя жанчыны. Яны не сваякі палітвязьняў і не грамадзкія актывісты, яны проста дапамагалі тым ці іншым чынам. Напрыклад, у СІЗА зьмясьцілі 61-гадовую гамяльчанку Алену Тоцкую, якая некалі была судовай валянтэркай і хадзіла на палітычныя суды ў Гомлі.
Адзін з суразмоўцаў расказаў, што зь ім у КДБ была бабуля, якая некаму пералічыла пару разоў па пяць рублёў. Тое самае казалі і праваабаронцы. Самай пажылой зь вядомых затрыманых 82 гады.
Некаторых затрымлівалі і за напісаньне лістоў. Стала вядома, што заказныя лісты ў СІЗА і калёніі адсочваюцца, а адпраўнікі запісваюцца. Тое самае цяпер робяць і з пасылкамі. Прынамсі, так робяць зь вядомымі палітвязьнямі. Гэтыя сьпісы СІЗА і калёніі перадалі ў КДБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Харчовыя рэпрэсіі: як у Беларусі затрымліваюць тых, хто атрымліваў дапамогу самым неабходнымЯшчэ адной характэрнай рысай стала тое, што многім затрыманым не вярнулі пашпартоў. Пэўна, гэта робіцца, каб людзі не маглі выехаць з краіны і баяліся размаўляць з праваабаронцамі ды мэдыя.
Праваабаронцам вядомыя імёны 229 затрыманых і 24 чалавек, якія сталі падазраванымі або абвінавачанымі ў крымінальных справах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці былой палітзьняволенай Вольгі Такарчук Ірыну затрымалі паводле крымінальнай справы