За год беларускі ІТ-сэктар страціў тысячы спэцыялістаў

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі працягвае скарачацца колькасьць айцішнікаў. Пры гэтым за мінулы год утрая вырасла колькасьць высокааплатных спэцыялістаў з заробкамі больш за 10 тысяч рублёў, піша dev.by са спасылкай на зьвесткі Белстату.

Белстат больш як год не публікуе колькасьць ІТ-спэцыялістаў у Беларусі, але агульная колькасьць занятых у сэктары «інфармацыя і сувязь» за год скарацілася на 8 тысяч чалавек: калі ў лістападзе 2022 году Белстат налічыў больш за 65 тысяч занятых у ІТ і сувязі, дык праз год — ужо больш за 57 тысяч, і гэта мінімум за апошнія тры гады.

Паводле ацэнак devby, калі палічыць менавіта айцішнікаў, без спэцыялістаў сувязі, дык за год ІТ-сэктар страціў каля 6 тысяч чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ІТ-кампанія з сусьветным імем сыходзіць зь Беларусі

Пры гэтым за апошні год у сэктары «інфармацыя і сувязь» на 10% вырасла колькасьць спэцыялістаў, якія зарабляюць ад 3 да 5 тысяч рублёў, і на 28,2% (з 5,5 тысячы да 7+ тысяч) — колькасьць высокааплатных спэцыялістаў, якія зарабляюць больш за 10 тысяч рублёў.

Рост колькасьці высокааплатных спэцыялістаў выглядае нечаканым ва ўмовах крызісу ў ІТ, адзначае dev.by. Паводле экспэртаў выданьня, гэта можа быць зьвязана з

  • ростам курсу даляра да беларускага рубля, што зрушыла ў катэгорыю супрацоўнікаў з заробкам 10+ тысяч рублёў значную частку ІТ-адмыслоўцаў;
  • рэальным пераглядам заробкаў самых дасьведчаных спэцыялістаў, якія дамагаюцца падвышэньня на фоне адтоку кваліфікаваных кадраў;
  • актыўны прыход на беларускі рынак расейскіх кампаній, гатовых актыўна канкураваць за айцішнікаў;
  • карэкціроўкамі белстатаўскай мэтодыкі разьлікаў.


Разам з тым адмыслоўцаў з заробкам да 1000 рублёў у сфэры «інфармацыя і сувязь» з кожным годам усё менш: калі ў лістападзе 2022 году іх было амаль 4,8 тысячы чалавек, дык у лістападзе 2023 году — крыху больш за 3 тысячы. Амаль палова ўсіх спэцыялістаў сэктару ІТ і сувязі, якія трапілі ў статыстыку Белстату, атрымлівае ад 1 да 3 тысяч рублёў. За год іх стала на 10 тысяч менш: было 37 тысяч — цяпер 27 тысяч.

Імаверна, гэта наступства ў тым ліку нізкай зацікаўленасьці ІТ-кампаній у 2022-2023 у Junior спэцыялістах, адзначае выданьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За паўтара года ПВТ пакінула 170 кампаній, а колькасьць супрацоўнікаў скарацілася на 25%
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Лібер: у якой стадыі новыя пашпарты, ці застаецца Беларусь ІТ-дзяржавай і калі пачнуцца перамены
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнікі ІТ-кампаній заявілі, што іх далей выклікаюць на размовы ў КДБ за данаты
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За паўтара года ПВТ пакінула 170 кампаній, а колькасьць супрацоўнікаў скарацілася на 25%