Топ-мэнэджмэнт ізраільскай геймдэў-кампаніі Playtika паведаміў беларускай камандзе, што офіс распрацоўкі ў Менску закрыюць у канцы лютага, расказалі dev.by супрацоўнікі кампаніі.
Пра закрыцьцё офісу стала вядома 10 студзеня. Паводле адной з крыніц, камандзе паведамілі, што 29 лютага — апошні дзень працы менскага офісу. Афіцыйная прычына закрыцьця — «legal issues» (юрыдычныя праблемы).
У менскім офісе сёньня працуе каля 300 чалавек. Чакаецца, што кампанія скароціць 50% усёй менскай каманды.
У 2021–2022 гадах Playtika перавезла многіх супрацоўнікаў зь Менску ў Варшаву. Ізраільскія мэдыя пісалі пра 300 рэлякантаў, а гэта палова штату Playtika ў Беларусі да 2021 году. Крыніца dev.by назвала варшаўскі офіс «бэкапам менскага» і адзначыла, што пасьля пачатку вайны кампанія перавезла ў Варшаву і многіх украінскіх айцішнікаў.
Офіс распрацоўкі Playtika ў Менску быў адкрыты ў 2012 годзе. На піку ў кампаніі працавала больш за 600 чалавек (на канец 2021 году). Менскі офіс уваходзіў у топ-20 найбуйнейшых ІТ-кампаній у Беларусі. У публічных справаздачах кампаніі з другой паловы 2020 году Беларусь фігуравала ў ліку фактараў рызыкі празь нестабільную палітычную сытуацыю.
Пакуль кампанія фігуруе ў сьпісе рэзыдэнтаў ПВТ.
- Playtika — кампанія лічбавых забаваў, якая спэцыялізуецца на распрацоўцы і публікацыі азартных і сацыяльных гульняў, заснаваная ў 2010 годзе ў Ізраілі, штаб-кватэра — у горадзе Герцліі. Кампанія мае больш за 30 мільёнаў актыўных карыстальнікаў у месяц. Па выніках 2022 году Playtika ўвайшла ў топ-10 мабільных выдаўцоў, якія зарабляюць найбольш.