Адзіным хаўрусьнікам Расеі ў рэгіёне Цэнтральнай Эўропы застаецца Беларусь і Аляксандар Лукашэнка, якія адыгралі цэнтральную ролю ў нападзе Расеі на Ўкраіну ў лютым 2022 году, адзначаецца ў дакладзе Мюнхэнскай канфэрэнцыі аб бясьпецы:
«Калі рэжым Аляксандра Лукашэнкі абапіраўся на падтрымку Пуціна ў разгоне пратэстоўцаў пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе, ён абмяняў „сувэрэнітэт на выжываньне рэжыму“. Адпаведна, Беларусь адыграла цэнтральную ролю ў нападзе Расеі на Украіну».
Аўтары дакладу нагадалі, што Лукашэнка дазволіў расейскім войскам выкарыстоўваць Беларусь як стартавую пляцоўку для няўдалага штурму Кіева.
«Менск таксама забясьпечвае зброяй, прапануе палігоны і ўдзельнічае ў сыстэматычным выкраданьні ўкраінскіх дзяцей. Расея таксама разьмясьціла ў Беларусі тактычную ядзерную зброю і балістычныя ракеты. Такім чынам, рэжым Лукашэнкі быў „суагрэсарам“ з Расеяй, нават калі ён дагэтуль ня ўцягваў у вайну беларускія войскі», — адзначаецца ў дакумэнце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даклад Мюнхэнскай канфэрэнцыі аб бясьпецы: «Прайграюць усе?»Згодна з дакладам, Расея, нягледзячы на тое, што ёй не ўдалося ўцягнуць у свой лягер Грузію, Малдову і Заходнія Балканы, працягвае перашкоджаць іхнай эўрапейскай інтэграцыі.
«Прарасейскі алігарх і заснавальнік кіроўнай партыі Грузіі Бідзіна Іванішвілі нясе адказнасьць за нядаўняе дэмакратычнае адкочваньне краіны і адыход ад ЭЗ, насуперак жаданьню большасьці грузінскай грамадзкасьці. Расея таксама выкарыстоўвала пагрозы распальваньня сэпаратызму ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, каб пасеяць нестабільнасьць. Малдова таксама стала ахвярай расейскага ўмяшаньня, асабліва зь лютага 2022 году. Расея справакавала беспарадкі ў сэпаратысцкім рэгіёне Прыднястроўе, пагражала скараціць пастаўкі газу і ўмешвалася ў муніцыпальныя выбары, каб падарваць праэўрапейскую прэзыдэнтку Маю Санду», — адзначаецца ў дакладзе.
У дакумэнце канстатавалі, што вайна Расеі супраць Украіны разбурыла рэшткі парадку супрацоўніцтва ў Эўропе.
«Украіна — галоўная ахвяра імпэрскіх памкненьняў Расеі падпарадкаваць краіны шэрай зоны. Нягледзячы на тое, што вайна працягваецца зь невялікай колькасьцю посьпехаў з абодвух бакоў, Украіна, здаецца, знаходзіцца на шляху да заходняй інтэграцыі і разарвала ўсе сувязі з Расеяй. Грузія, Малдова і Заходнія Балканы таксама адчуваюць хісткасьць знаходжаньня паміж лягерамі», — пішуць аўтары дакладу.
Агрэсія Расеі вярнула на парадак дня пашырэньне Эўразьвязу і NATO. «Тым часам пляны Расеі ў стварэньні эўразійскай процівагі ЭЗ цярпяць крах, і толькі яе аўтакратычная суседка Беларусь адназначна ўваходзіць у яе лягер», — рэзюмавалі аўтары дакладу.
Чарговая Мюнхэнская канфэрэнцыя аб бясьпецы адбудзецца на гэтым тыдні. Чакаецца ўдзел прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, а таксама кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў вядучых заходніх краін.
16–18 лютага на Мюнхэнскай канфэрэнцыі выступіць дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, запрошаная кіраўніцтвам гэтага форуму. Ціханоўская выступіць у асноўнай праграме канфэрэнцыі на тэму ролі Беларусі ў рэгіянальнай бясьпецы і сытуацыі ўнутры краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Мюнхэнскую канфэрэнцыю па бясьпецы ад Беларусі і Расеі запрасілі Ціханоўскую, Каспарава і Хадаркоўскага