Аўтары дакладу гавораць пра тое, што звыклы парадак міжнароднага супрацоўніцтва аказаўся малаэфэктыўны для разьвязваньня новых палітычных крызісаў. Краіны сьвету сталі менш супрацоўнічаць адна з адной і часьцей кіравацца толькі ўласнымі інтарэсамі. У выніку, лічаць экспэрты, у большасьці цяперашніх крызісаў прайграюць усе ўцягнутыя бакі і расьце палітычная нявызначанасьць.
Аналізуючы сытуацыю ва Ўсходняй Эўропе, аўтары дакладу зазначаюць, што «імпэрскія амбіцыі Масквы ўжо прывялі да вайны і перакрэсьлілі ўсе пляны на сумесную працу адносна бясьпекі ў агляднай будучыні». У выніку прайграюць усе: Украіна рызыкуе самім сваім існаваньнем як незалежная дзяржава, але вайна таксама наносіць вялікую шкоду насельніцтву Расеі, а Эўропа больш ня можа атрымліваць звыклыя выгады ад мірнага існаваньня і вымушаная ўкладаць фінансы і намаганьні ва ўласную абарону і ў падтрымку Ўкраіны.
Пры гэтым, як адзначаюць аўтары дакладу, амаль праз два гады вайны страх перад Расеяй у сьвеце значна зьнізіўся. Паводле апытаньняў, цяпер Расею як галоўную пагрозу бясьпецы згадваюць толькі жыхары Вялікай Брытаніі і Японіі. Для грамадзян Нямеччыны ў іх рэйтынгу пагроз Расея стаіць на сёмым месцы, для італьянцаў — на 12-м. Шмат у якіх краінах людзей больш турбуюць масавая міграцыя, радыкальны ісламізм, у прыватнасьці палітыка Ірану, і зьмены клімату. У Кітаі і ЗША галоўнай пагрозай грамадзяне называюць кібэратакі.
Многія назіральнікі занепакоеныя ростам напружанасьці ў Індыйска-Ціхаакіянскім рэгіёне і мілітарызацыяй Кітаю. Празь яе шмат якія краіны рэгіёну шукаюць больш шчыльных сувязяў з ЗША і імкнуцца зьменшыць эканамічную залежнасьць ад Пэкіну, што пагаршае палітычнае і эканамічнае становішча і Кітаю, і іх саміх.
Гэтак жа, на думку экспэртаў, «усе прайграюць» ад эскаляцыі гвалту на Блізкім Усходзе. Пасьля нападу 7 кастрычніка 2022 году ісламісцкай групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ, Ізраіль ня толькі панёс страты сярод мірных жыхароў, але страціў само адчуваньне бясьпекі. Яго ўдары ў адказ прыводзяць да масавых стратаў сярод жыхароў сэктару Газа і да гуманітарнага крызісу там. Таксама ёсьць небясьпека, што нестабільнасьць распаўсюдзіцца на іншыя краіны рэгіёну, дзе дзейнічаюць ісламісцкія групоўкі, якія падтрымліваюцца Іранам.
Падобныя тэндэнцыі адзначаюцца ў Афрыцы, дзе летась у Буркіна-Фасо, Малі і Нігеры адбыліся вайсковыя перавароты. Мясцовыя жыхары губляюць шанцы на дэмакратычны прагрэс, а ЗША і ЭЗ — дамоваздольных партнэраў.
Аналітыкі падкрэсьліваюць, што ва ўмовах нестабільнасьці зьніжаецца ўзровень супрацоўніцтва паміж дзяржавамі і цэлымі рэгіёнамі і павышаецца ўзровень суперніцтва. Гэта перашкаджае сумеснай працы ў галіне эканомікі, кліматычнай палітыкі і тэхнічнага прагрэсу. «Існуе рэальная рызыка ўзьнікненьня замкнёнага кола, калі ўсё больш краін будуць уцягнутыя ў сытуацыю, дзе прайграюць усе, і гаворка ідзе не пра тое, хто атрымае больш выгады, але толькі пра тое, хто менш прайграе», — заключаюць яны.
Чарговая Мюнхэнская канфэрэнцыя аб бясьпецы адбудзецца на гэтым тыдні. Чакаецца ўдзел прэзыдэнта Украіны Ўладзіміра Зяленскага, а таксама кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў вядучых заходніх краін.
16-18 лютага на Мюнхэнскай канфэрэнцыі выступіць дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, запрошаная кіраўніцтвам гэтага форуму. Ціханоўская выступіць у асноўнай праграме канфэрэнцыі наконт ролі Беларусі ў рэгіянальнай бясьпецы і сытуацыі ўнутры краіны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.