Новы закон «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» у параўнаньні з папярэдняй рэдакцыяй «абмяжоўвае свабоду веравызнаньня яшчэ больш жорстка», гаворыцца ў матэрыялах ініцыятывы «Хрысьціянская візія», перададзеных дакладчыцы ААН аб Беларусі Анаіс Марэн.
У прыватнасьці, закон патрабуе абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі рэлігійнай арганізацыі як папярэдняй умовы для яе дзейнасьці і рэалізацыі свабоды рэлігіі ці перакананьняў. Усякая дзейнасьць і нават само існаваньне па-за гэтымі рамкамі забароненыя і крыміналізаваныя.
«Свабода вызнаваць рэлігію або перакананьні сумесна належыць асобным асобам, і таму ня можа быць абмежаваная патрабаваньнем абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі», — зазначае ініцыятыва.
На думку ініцыятывы, да рэгістрацыі прад’яўляюцца «завышаныя патрабаваньні ў параўнаньні зь іншымі некамэрцыйнымі арганізацыямі».
- Напрыклад, для стварэньня мясцовага грамадзкага абʼяднаньня неабходная наяўнасьць мінімум дзесяці сяброў, якія зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі, без патрабаваньня пражываць у адным населеным пункце, а для рэлігійнай грамады — ня менш як 20 чалавек, якія пражываюць у тым жа або сумежным населеным пункце.
- Калі для стварэньня саюзу некамэрцыйных абʼяднаньняў закон патрабуе наяўнасьці толькі двух грамадзкіх абʼяднаньняў без абмежаваньня месца іх знаходжаньня, то для рэлігійнага саюзу — ня менш за дзесяць рэлігійных суполак; для рэспубліканскага саюзу таксама ўстаноўлена патрабаваньне, каб хаця б адна з грамад павінна дзейнічаць ня менш як 30 гадоў з моманту яе рэгістрацыі.
- Закон забараняе іншаземцам, а таксама асобам, унесеным у пералікі арганізацый, фармаваньняў, індывідуальных прадпрымальнікаў і грамадзян, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці, выступаць у якасьці заснавальнікаў і кіраўнікоў рэлігійных арганізацый, удакладнілі аўтары.
- У новым законе пашыраныя прававыя падставы для пазбаўленьня рэгістрацыі і ліквідацыі рэлігійнай арганізацыі. Да прававых падставаў роспуску рэлігійнай арганізацыі адносіцца, напрыклад, палітычная неляяльнасць да дзяржаўнай улады.
- Рэлігійныя арганізацыі абмежаваныя ў сваёй дзейнасьці і ўдзеле ў грамадзкім жыцьці, у прыватнасьці ім забараняецца ўдзельнічаць у палітычнай дзейнасьці.
З пачатку палітычнага крызісу ў 2020 годзе ўлады запалохваюць, затрымліваюць і пагражаюць рэлігійным лідэрам і грамадам, грамады становяцца абʼектам распальваньня нянавісьці і паклёпу з боку дзяржаўнай прапаганды, гаворыцца ў матэрыялах.
Зь верасьня 2020 года ініцыятыва выявіла 19 праваслаўных, 25 рымска-каталіцкіх, 5 грэка-каталіцкіх, 25 пратэстанцкіх сьвятароў, пастараў і служак, якія зазналі ператрусы, затрыманьні, суды, арышт, крымінальны перасьлед, штрафы, катаваньні і пагрозы.
На думку аўтараў, новы закон носіць «рэпрэсіўны і дыскрымінацыйны характар і не адпавядае міжнародным абавязаньням, узятым на сябе Рэспублікай Беларусь у забесьпячэньні права на свабоду рэлігіі, у прыватнасьці арт. 18 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах».
Узмацненьне жорсткасьці рэпрэсіўных мер супраць рэлігійнай дзейнасьці зьяўляецца сьледзтвам «агульнай палітыкі беларускага рэжыму па кантролі над грамадзянскай супольнасьцю, забесьпячэньні яе ляяльнасьці і ліквідацыі любой пратэставай ці незалежнай дзейнасьці».
Аб падпісаньні зьменаў у закон прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла 3 студзеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка навучыць беларусаў «правільна» верыць у Бога. Васілевіч пра новыя правілы для цэркваў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў раскрытыкавала праект новай рэдакцыі закону «Аб свабодзе сумленьня»