Прысуд за абразу Лукашэнкі
Суд Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы вынес прысуд палітзьняволенаму Яўгену Кладаву, абвінавачанаму ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала судзьдзя Соф’я Хвалько, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Яўгена Кладава затрымалі 30 жніўня 2023 году ў адміністрацыйнай справе паводле арт. 19.11 КаАП («Выраб, распаўсюд ці захаваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»), затым пачалі супраць яго крымінальную справу.
Паводле матэрыялаў абвінавачваньня, Яўген Кладаў у сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» на сьцяне профілю, даступнай для прагляду іншым карыстальнікам, «разьлічваючы на наступнае ўспрыманьне іншымі асобамі абразьлівай інфармацыі, усьведамляючы публічны і зьневажальны характар сваёй публікацыі, наўмысна разьмясьціў выяву, якая супярэчыць агульначалавечай маралі і нормам паводзін, прынятым у грамадзтве, тым самым публічна наўмысна прынізіў гонар і годнасьць асобы Лукашэнкі ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ёю сваіх паўнамоцтваў, выказанае ў непрыстойнай форме».
У справе — два аналягічныя эпізоды.
У судовым пасяджэньні Кладаў фактычна віны не прызнаў і паказаў, што ён на сваёй старонцы выпадкова ў адкрытым доступе для ўсіх карыстальнікаў разьмясьціў прагледжаныя ім у сеціве карцінкі з выявай Лукашэнкі. Зрабіў гэта ён ненаўмысна, бо ня ведаў, што гэтыя выявы захаваюцца ў стужцы ягонай старонкі, пасьля ягонай адзнакі «Кляс!».
Суд, які праходзіў 23–24 лістапада 2023 году, прызнаў яго вінаватым і прызначыў пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на год з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кубракоў заявіў пасьля нарады ў Лукашэнкі, што да палітвязьняў амністыю прымяняць ня будуцьЗатрыманьне за рэакцыю на сьмерць міліцыянта
Жыхара Віцебскай вобласьці затрымалі і пад прымусам запісалі зь ім відэа наконт падабайкі, пастаўленай пад фота памерлага 4 лютага начальніка Аршанскай міліцыі Сяргея Барвянкова на адным з «экстрэмісцкіх» рэсурсаў.
Гэта ўжо як мінімум другое затрыманьне за рэакцыю на сьмерць аршанскага міліцыянта. Раней за нэгатыўны камэнтар у інтэрнэце затрымалі палачаніна.
Сяргей Барвянкоў раптоўна памёр ад праблемаў з сэрцам раніцай 4 лютага. Ён браў удзел у рэпрэсіях 2020 году і пасьля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра 49-гадовага начальніка аршанскай міліцыі, які памёр на працыСілавікі затрымалі супрацоўнікаў «Газпрам трансгаз Беларусь»
Сілавікі паведамілі пра затрыманьне траіх супрацоўнікаў кампаніі «Газпрам трансгаз Беларусь», паведаміла Mediazona.by. Відэа зь імі апублікаваў праўладны тэлеграм-канал сілавікоў.
На ім мужчыны ў шэрай і зялёнай куртках кажуць, што працуюць інжынэрамі, называюць свой заробак і расказваюць, што «падтрымлівалі ў калектыве пратэставыя настроі». Па словах дзяўчыны, у 2020 годзе яна ўдзельнічала ў мітынгах.
Сілавікі адсправаздачыліся аб затрыманьні траіх жыхароў Баранавічаў
У тэлеграм-канале сілавікоў сьцьвярджаюць, што затрыманыя нібыта ўдзельнічалі ў пасьлявыбарнай акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 году, піша «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці былога палітвязьня судзілі праз Viber — праваабаронцы кажуць, што такога даўно не былоСтудэнтку зь Менска асудзілі на 2,5 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у двух Маршах
У судзе Фрунзенскага раёна Менска 26 студзеня асудзілі Сафію Кажамякіну паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Судзьдзя Юлія Блізьнюк прызначыла Сафіі два гады і шэсьць месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Дзяўчыну апазналі па пратэставых відэа, знойдзеных у ейным тэлефоне падчас агляду. Да суда Сафія знаходзілася пад закладам памерам 18500 рублёў.
Сілавікі затрымалі айцішніка з Горадні
Сілавікі ў Горадні затрымалі сыстэмнага адміністратара кампаніі IntexSoft.
На відэа затрыманы кажа, што ў 2020 удзельнічаў у мітынгах і пакідаў камэнтары, якія «зьневажаюць гонар і годнасьць».
«Таксама ў кампаніі IntexSoft былі бчб-сьцягі і налепка зь гербам» Пагоня «у кабінэце ў дырэктара», – кажа затрыманы.
Па інфармацыі тэлеграм-канала «Суды, затрыманьні», мужчыну клічуць Андрэй Якіменка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка 7 лютага: чацьвёрты раз запар арыштавалі ўдзельніка нафтанаўскага страйку; у Бярозаўцы затрымалі завуча і сакратарку школы